У дачыненні да экс-кіраўніка Выдавецтва Беларускага Экзархата распачалі крымінальную справу

грозаўУ Мінску па падазрэнні ў крадзяжах шляхам злоўжывання службовым становішчам узбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да экс-кіраўніка Выдавецтва Беларускага Экзархата. Выявілася, што ён з 2005 па 2014 гады незаконна загадваў падначаленым штомесяц знішчаць дакументы першаснага ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў, а таксама незаконна адбіраў з касы прадпрыемства наяўныя грошы.

За гэтыя грошы ён набыў за мяжой 14 адзінак грузавога і легкавога аўтатранспарту на агульную суму больш за 150 тыс. даляраў. Аўтамабілі афармляліся альбо непасрэдна на падазраванага, альбо на яго сваякоў, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Праваахоўнікі працягваюць разбірацца ў нюансах гаспадарчай дзейнасці падазраванага. Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы дапамагаюць ім у правядзенні праверачных мерапрыемстваў.

Як паведамляла Крыніца, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел 17 кастрычніка 2014 года правёў нараду з супрацоўнікамі Выдавецтва Беларускага Экзархата. Ён азнаёміў калектыў выдавецтва з высновамі Сінадальнай рэвізійнай камісіі экзархата, па праверцы адміністрацыйнай, гаспадарчай і фінансавай дзейнасці выдавецтва.

Як паведаміў мітрапаліт, камісія прызнала дзейнасць першага намесніка дырэктара выдавецтва Уладзіміра Грозава нездавальняючай. Яго паўнамоцтвы ў названай пасадзе прыпыненыя. Таксама прыпыненая дзейнасць Уладзіміра Грозава па рэалізацыі праграм Беларускай Праваслаўнай Царквы і кіраўніцтва шэрагам арганізацый.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі