У Мінску прайшоў Дзень Волі: ёсць затрыманыя (фотарэпартаж)

IMG_5459У Мінску 25 сакавіка прайшла акцыя, прысвечаная Дню Волі – 97-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнікі ад кінатэатра “Кастрычнік” прайшлі калонай да парку Дружбы народаў. Ад правядзення мітынгу на агароджанай міліцыянтамі тэрыторыі было вырашана адмовіцца.

Асноўным лозунгам акцыі было «За мір і незалежнасць», тэмамі – незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай і пратэст супраць рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі.

У акцыі, якая праходзіла пад бел-чырвона-белымі і еўрапейскімі сцягамі, прынялі ўдзел каля 1,5 тысяч чалавек. Удзельнікі неслі таксама плакаты “Беларуская мова – адзіная дзяржаўная”, “Апамятайся”, «Што за бульба без кропу?», «Расея – гэта вайна», «Stop імперыя!», “Сёння грызуць Украіну, заўтра возьмуцца за нас!”. Бел-чырвона-белы сцяг вісеў і на адным з будынкаў па маршруце шэсця.

Сярод удзельнікаў акцыі былі заўважаныя палітыкі Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Марына Хоміч, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, грамадскія дзеячы і дзеячы культуры Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Валер Мазынскі, святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы і іншыя.

У асноўным акцыя прайшла без эксцэсаў, хоць некаторыя людзі і спрабавалі правакаваць удзельнікаў на грубасць. Таксама на іх з аднаго з вокнаў інтэрната невядомыя вылілі прадуктовыя адкіды.

Па выніках акцыі затрыманыя, прынамсі, трое апазіцыйных актывістаў. Адзін з іх Цімур Сідорык, які адным з апошніх пакідаў плошчу Бангалор і не захацеў на выхадзе згортваць сцяг. Відэа затрымання заснялі праваабаронцы, але яго па патрабаванні міліцыянтаў выдалілі, паведаміла праваабаронца Наста Лойка, перадае беларуская рэдакцыя Радыё “Свабода”.

Таксама за значок арганізацыі «Малады фронт» на плошчы Якуба Коласа быў затрыманы адзін з яе лідараў Эдуард Лобаў, але яго пасля высвятлення асобы адпусцілі.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі