Саудаўская Аравія пачала бамбіць мяцежных шыітаў Емена

еменСаудаўская Аравія мінулай ноччу прыступіла да ўдараў па пазіцыях шыіцкіх паўстанцаў хусітаў на тэрыторыі суседняга Емена. У авіяналётах удзельнічаюць таксама самалёты з Егіпта, Марока, Іарданіі, Судана, Кувейта, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Катара і Бахрэйна. Прадстаўнікі кааліцыі абвясцілі паветраную прастору над Еменам забароненай для палётаў зонай. Авіяўдары былі нанесеныя па аэрапорце Саны і авіябазе аль-Дулаімі.

Улады некаторых краін заявілі, што гатовыя, калі спатрэбіцца, прыняць удзел і ў наземнай ваеннай аперацыі.

Кааліцыя «вырашыла адказаць на заклік прэзідэнта Хадзі абараніць Емен і яго народ ад агрэсіі з боку хусіцкіх баевікоў», цытуе агенцтва Франс-прэс заяву Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Кувейта, Бахрэйна і Катара.

«Мы зробім усё неабходнае, каб абараніць легітымныя ўлады Емена ад любой небяспекі, якая пагражае ім з боку паўстанцаў. Склалася сітуацыя, калі мяцежнікі могуць атрымаць доступ да балістычных ракет, цяжкага ўзбраення і ваенных самалётаў», — заявіў Адэль аль-Джубейр, пасол Саудаўскай Аравіі ў ЗША.

ЗША падтрымліваюць ваенную аперацыю Саудаўскай Аравіі і яе арабскіх саюзнікаў супраць паўстанцаў-хусітаў у Емене, паведамілі ў Белым доме. «Прэзідэнт Абама даручыў аказаць лагістычную і выведвальную падтрымку ваеннай аперацыі пад кіраўніцтвам Рады супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскай затокі», — паведаміла прадстаўнік нацыянальнага савета бяспекі Бернадэт Міхэн.

Узброеныя сілы ЗША не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях у Емене, аднак сумесна з Саудаўскай Аравіяй стварылі групу па планаванні амерыканскай падтрымкі, дадалі ў Белым доме.

У той жа час ваенныя ўдары па пазіцыях шыіцкіх паўстанцаў могуць выклікаць рэзкую рэакцыю Ірана, найбольш уплывовага суперніка Саудаўскай Аравіі ў рэгіёне. Прадстаўнікі хусітаў заявілі, што авіяўдары кааліцыі па тэрыторыі Емена прывядуць да маштабнай вайны ў рэгіёне.

Як паведамляла Крыніца, часткі еменскай арміі, верныя былому прэзідэнту краіны Алі Абдалу Салеху, пры падтрымцы атрадаў шыіцкіх мяцежнікаў (хусітаў) 25 сакавіка ўвайшлі ў горад Адэн, тым самым усталяваўшы кантроль над паўднёвай сталіцай.

Па матэрыялах Euronews і BBC

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі