У Брэсце на руінах Бернардынскага кляштара хочуць пабудаваць гатэль

7Работнікі Брэсцкага гарвыканкама і валанцёры праводзяць 28 сакавіка суботнік на руінах Бернардынскага кляштара, размешчанага на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Руіны кляштара бернардынаў — адзінае, што захавалася ад Брэста XVIII-XIX стагоддзяў. На суботнік выйдзе ўвесь апарат гарвыканкама з яго старшынёй Аляксандрам Рагачуком.

Падчас суботніка плануецца абмеркаваць пытанне аб магчымасцях па захаванні і аднаўленні ўнікальнага помніка гісторыі Брэста, паведамілі ў гарвыканкаме, перадае БЕЛТА.

Раней на сустрэчы мэра са студэнтамі Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна ішла гаворка аб неабходнасці захавання гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку аб руінах манастыра.

Гэта адзiн з самых старажытных будынкаў Брэста, ад якога ўжо амаль нічога не засталося, нагадаў Аляксандр Рагачук. «Верагодна, я агучу прапанову прадаць або аддаць, гэта будзе больш правільна, аб’ект за адну-дзве базавыя велічыні любому мецэнату, хто гатовы на базе Бернардынскага кляштара пабудаваць аўтэнтычны будынак па вонкавым архітэктурным рашэнні. Усярэдзіне хай будзе гатэль», — сказаў ён.

Манастырскі комплекс бернардынаў на Валынскім прадмесці Брэст-Літоўска быў узведзены ў 1750 годзе і складаўся з касцёла і манастыра бэрнардынак. На архітэктурнае рашэнне каменнага аднанефнага касцёла аказалі ўплыў «віленскае барока» і сармацкі стыль.

Ад кляштарнага комплексу застаўся толькі першы паверх з высокiмi перакрыццямі, ад касцёла — заходняя сцяна, якая з’яўляецца адначасова сцяной кляштарнага будынка. Рэстаўраваны ансамбль прапануецца ўключыць у архітэктурна-археалагічны запаведнік «Старое Замухавечча».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі