У Бабруйску моладзь прыбірала ў храме і піла чай са святаром

uborkaМоладзевая валанцёрская сустрэча прайшла 28 сакавіка ў бабруйскім епархіяльным Духоўна-асветніцкім цэнтры “Дружба”. Удзел узялі падлеткі і маладыя людзі ўсіх праваслаўных прыходаў горада.

Прыбраўшы і добраўпарадкаваўшы тэрыторыю Цэнтра, моладзь сабралася за чаяваннем з клірыкам Іверскага храма іерэем Паўлам Лукіным, якое суправаджалася духоўнай гутаркай, паведамляе bobruisk.hram.by.

Напярэдадні, 27 сакавіка, выхаванцы нядзельнай школы Кіраўскага Пакроўскага храма, якія наведвалі на працягу вакацыяў прыходскі дзіцячы лагер, паказалі малышам з падшэфнага Яслі-сада № 4 лялечны спектакль – дэбют створанага пры нядзельнай школе дзіцячага тэатра “Анёлачак”, а затым пагутарылі з маленькімі гледачамі.

У гэты ж дзень у Шчучыне ў храме Архістратыга Міхаіла клірыкі іерэй Ігар Каласоўскі і іерэй Сергій Сямашка здзейснілі Літургію Ранейасвечаных Дароў для навучэнцаў і педагогаў сярэдніх школ горада, паведамляе ORTHOS.ORG.

У Лідзе ў нядзельнай школе пры храме Аляксандра Неўскага ў гэты дзень прайшлі незвычайныя заняткі – выхаванцы сабраліся, каб навучыцца печ «жаўрукоў» – посныя булачкі, якія вырабляюцца ў памяць пра Сорак пакутнікаў Севастыйскіх, паведамляе eparhia.by.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі