Вольга Карач: “Наш Дом” не ўдзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах 2015

karatch
Вольга Карач прызнала недахоп ўплывовасці і немагчымасць даць гарантыі народу

Грамадзянская кампанія “Наш Дом” не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 ў Беларусі і вылучаць свайго кандыдата. Галоўныя прычыны – недахоп ўплывовасці кампаніі і немагчымасць гарантаваць беларускаму народу, што яго жыццё не пагоршыцца, калі Аляксандр Лукашэнка сыдзе.

“Наш Дом” не хоча гуляць па чужым сцэнарыі і не лічыць актыўны ўдзел у выбарах адказам хоць бы на адзін з выклікаў, якія стаяць перад беларускай грамадзянскай супольнасцю сёння, гаворыцца ў падпісанай Вольгай Карач афіцыйнай заяве кампаніі. Кампанія заяўляе пра дэвальвацыю палітычнай сферы і палітычнага лідарства ў краіне.

Вольга Карач прызнала, што ўзначаленая ёй грамадзянская кампанія змагла рэалізаваць толькі два этапы сваёй унутранай стратэгіі – пабудаваць каманду лакальных актывістаў і стаць бачнымі на публічным полі Беларусі. Але гэтага недастаткова для перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, прыходу да ўлады і рычагоў кіравання краінай. “Усе астатнія вынікі магчымага ўдзелу ў выбарах (пазнавальнасць арганізацыі і лідара, выхад на новых спонсараў, і г.д.) «Наш Дом» не цікавяць”, – гаворыцца ў заяве.

Таксама адзначаецца, што вылучаючы свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары, любая структура павінна даць цвёрдыя гарантыі беларускаму народу, што не будзе вайны, масавай беспрацоўя і абвалу цэн пасля таго, як сыдзе Аляксандр Лукашэнка. “Патрэбны ясны, пераканаўчы і зразумелы адказ, як вырашаць усе тыя сістэмныя праблемы, што назапасіліся сёння ў Беларусі”, – падкрэсліваецца ў заяве “Нашага Дома”. Грамадзянская кампанія ўсведамляе, што не можа даць такіх цвёрдых гарантый беларускім грамадзянам на перыяд трансфармацыі Беларусі.

Асобна падкрэсліваецца, што рашэнне “Нашага Дома” і Вольгі Карач не ўдзельнічаць у выбарах 2015 года не з’яўляецца заклікам іншым грамадскім арганізацыям і палітычным партыям да аналагічных дзеянняў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі