У Пасхальным пасланні мітрапаліт Павел нагадаў, у імя чаго Хрыстос стварыў Царкву

ПавелЗ Пасхальным пасланнем да праваслаўных вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Напярэдадні свята Уваскрасення Хрыстова, якое святкуецца ў гэтым годзе ў праваслаўнай традыцыі 12 красавіка, герарх нагадаў вернікам і духавенству, што Свята Пасхі, паводле словаў свяціцеля Епіфанія, епіскапа Кіпрскага, з’яўляецца «галавой і вяршыняй ўсіх святаў», «урачыстасцю абнаўлення і ўратавання» для ўсяго свету.

Называючы свята Пасхі Хрыстовай краевугольным каменем хрысціянскага светапогляду, герарх нагадвае, што невыпадкова Уваскрэслы Хрыстос стварыў Царкву, даўшы ёй асаблівую благадатную моц Святога Духа, – моц, што жывіць кожнага чалавека, які верыць ў Хрыста: “Святая Царква садзейнічае стварэнню ў сэрцы кожнага чалавека Царства Божага, каб мы разам з апосталам Паўлам маглі ўсклікнуць: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос».

“Пасха — гэта свята яднання”, – падкрэслівае ўладыка Павел, і таму, на ягоную думку, перамена жыцця ў Хрысце павінна прыняць выгляд пераменаў узаемаадносінаў з самім сабой і з навакольным светам. Шлях да паўнаты ўласнага быцця дапаможа адчуць Божую задуму адносна кожнага і, як вынік, адносна гісторыі.

“Прымаючы стваральную любоў Спасіцеля, – гаворыцца ў звароце герарха да архіпастыраў і вернікаў, – будзем дзяліцца ёю з тымі, хто пакутуе і церпіць нягоды, хто мае патрэбу ў спагадзе і простай чалавечай увазе, будзем дарыць усім людзям лікаванне ў Хрысце Уваскрэслым і радасць яднання з Ім”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі