Мінчане распавялі, на чыім баку былі б у дзень распяцця Хрыста

3krestaНапярэдадні светлага хрысціянскага свята — Уваскрэсення Ісуса Хрыста, мы выйшлі на вуліцы Мінска, каб даведацца ў яго жыхароў, што б яны зрабілі, калі б апынуліся ў Ерусаліме сярод равучага, жорсткага натоўпу, які крычаў Ісусу: «Распні Яго, укрыжуй». Памылі б рукі як Понцій Пілат, падтрымлівалі натоўп або за імя Ісуса аддалі б сваё жыццё? А вось, што адказалі на гэтае пытанне маладыя людзі.

daria
Дар’я: стаяла б слупом

Дар’я: Я палюбіла Ісуса Хрыста, таму наколькі гучнымі не былі б блюзнерскія крыкі натоўпу, ім бы не ўдалося заглушыць крыкі майго сэрца. Хоць я і не з нясмелага дзясятка, але, думаю, я б стаяла там, як укапаны слуп (усміхаецца). Так, мне было б страшна! Толькі ўявіце мяне, далікатную дзяўчыну, якая спрабуе суняць агрэсіўна настроеную масу людзей. Гэта выглядала б смешна, таму я б моўчкі стаяла на злавеснай плошчы, але думкамі даверылася б Богу і душой не здрадзіла б Яму ў той дзень.

Andrey
Андрэй:  памёр бы за свайго Настаўніка

Андрэй: Калі б я быў сярод вучняў Ісуса Хрыста, я б заступіўся за свайго Настаўніка. І нават ахвяраваў бы сваім жыццём. Губляць жа ўсё роўна няма чаго, а так адразу ў рай можна было б трапіць за такі подзвіг (усміхаецца).

Irina
Ірына: не люблю натоўп

Ірына: Я б нават з хаты не выходзіла, калі ведала, што недзе на плошчы будуць судзіць вядомага па ўсёй краіне ці то Чалавека, ці то Бога. Адразу ясна, што на гэта відовішча збярэцца паглядзець мноства людзей, а я, на жаль, не з’яўляюся чалавекам натоўпу. Таму застацца дома лічу выдатным варыянтам у дадзенай сітуацыі. А ад суседзяў пасля ўсё даведалася б, да таго ж, у драбнюткіх падрабязнасцях!

Dmitrij
Зміцер: умыў бы рукі, як Пілат

Зміцер:  Абыякавасць — менавіта так можна было б апісаць мой стан на той фатальнай для Ісуса плошчы. Але, калі б у мяне былі на тое прывілеі, зрабіў бы тое ж самае, што і Понцій Пілат: умыў бы рукі. А што, вельмі зручна не спрачацца з меркаваннем народа: аддаць Ісуса ў рукі рымскіх воінаў і застацца пры гэтым не вінаватым ў Яго смерці. Маўляў, рабіце з Ім ўсё, што захочаце, а я тут ні пры справах.

Polina
Паліна: паддалася б меркаванню натоўпу

Паліна: Гэта вельмі супярэчлівая сітуацыя для мяне. Я адразу ўспамінаю такое паняцце, як эфект натоўпу: калі адзін сказаў — астатнія паслухаліся, адзін зрабіў — астатнія зрабілі тое ж самае. Таму, у тыя часы, баюся, што я паддалася б натоўпу і яго меркаванню. У іншым выпадку, калі б я пачала крычаць што-небудзь у процівагу агрэсіўна настроеным людзям, то мяне б ўкрыжавалі ўслед за Хрыстом. І тады было б на Галгофе ўжо не тры крыжа, а чатыры.

daniel
Даніэль: я хацеў бы проста апынуцца побач з Хрыстом

Даніэль: Хочацца верыць, што я б распачаў нейкія захады, каб не дапусціць распяцце Божага Сына. Але тут маецца і іншы бок медаля: калі б Хрыстос тады не ўзышоў на крыж і не памёр за мае грахі, я б не меў надзею на выратаванне і жыццё вечнае. Таму, я б вельмі хацеў проста апынуцца ў той дзень з Ісусам побач, каб разам з Ім падзяліць Яго пакуты.

 

 

Падрыхтавала Эльвіра Гарошка, КРЫНІЦА.INFO, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі