Апазіцыя падрыхтавала праўкі ў выбарчае заканадаўства Беларусі

выбарыУ межах кампаніі назірання «Права выбару», беларуская апазіцыя прапануе вынесці на разгляд парламента законапраект, які змяняе практыку правядзення выбараў і рэферэндумаў у краіне. Ініцыятыву падтрымалі аргкамітэт БХД, Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду!», БСДП (Г), Рух за Свабоду і іншыя арганізацыі-ўдзельнікі кампаніі назірання.

Мэта дакумента – наблізіць выбары ў Беларусі да дэмакратычных.  Калі будуць унесены прапановы ў выбарчае заканадаўства, гэта дасць раўнапраўе палітычным сілам, выключыць выкарыстанне дзяржаўнай улады для незаконных маніпуляцый, прадухіліць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, паведамляе bchd.info.

Кіраўнік кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі патлумачыў, што  распрацоўваюцца  прапановы па рэфармаванні выбарчай сістэмы, і дэмакратычныя сілы будуць настойваць на іх унясенні. Але галоўнае змяненне – гэта правапрымяняльная практыка, бо і тыя законы, якія існуюць, не выконваюцца. «Таму кампанія назірання “Права выбару» ў сваіх выніковых ацэнках будзе зыходзіць не толькі з «літары” закона, але ў першую чаргу з рэальнай сітуацыі на тых выбарчых участках, на якіх будуць прысутнічаць нашы назіральнікі», – адзначыў Садоўскі.

Адна з прапаноў – увесці дадатковыя гарантыі свабоднага і бесперашкоднага ажыццяўлення назірання за працэсам галасавання і падлікам галасоў, магчымасць інфармавання грамадзян аб дзейнасці выбаркамаў з дапамогай інтэрнэту.

Наблізіць да дэмакратычных выбараў  стварэнне рэспубліканскага рэестра выбаршчыкаў, скарачэнне перыяду датэрміновага галасавання да двух дзён з увядзеннем дадатковых мер, забарона прымусу да датэрміновага галасавання, датэрміновага галасавання без дастатковых падстаў, незаконных маніпуляцый са скрынямі для галасавання ў перыяд датэрміновага галасавання.

Прадугледжваецца магчымасць онлайн-трансляцыі, відэаназірання і відэазапісу з выбарчых участкаў, абавязковы выраб скрынь для галасавання з празрыстага матэрыялу.

Наспела неабходнасць зняць абмежаванні на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў і адмяніць забарону агітацыі байкатаваць выбары, мяркуюць аўтара прапаноў. Таксама прапануецца ўвесці статус асабістай недатыкальнасці і іншыя гарантыі дзейнасці для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына часткова пракаментавала прапановы апазіцыі па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства. Яна сказала, што “на гарадскіх участках будуць па магчымасці паўсюдна ўсталёўвацца празрыстыя скрыні для галасавання”. Яна дадала: “Я не магу гарантаваць, што яны будуць устаноўлены ўсюды, але, па меншай меры, іх будзе шмат”, паведамляе tut.by.

Правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі чакаецца 15 лістапада 2015 года. У іх плануюць удзельнічаць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Яшчэ адным верагодным кандыдатам ад апазіцыі стала актывіст кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. Пра свае планы па вылучэнні заявіў дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі