Толькі 2% цыганоў Беларусі маюць вышэйшую адукацыю

SONY DSC

У Беларусі ў 1999 годзе афіцыйна 9927 чалавек назвалі сябе цыганамі, 77% цыганскую мову абвясцілі роднай.  У 2009 годзе цыган засталося 7079 чалавек, хоць само цыганскае насельніцтва лічыць, што іх у Беларусі каля 60 тысяч.

Пра гэта распавяла Наталля Кутузава, каардынатар праекту «Сацыяльная інтэграцыя цыганоў у Беларусі: забеспячэнне права на роўнасць», паведамляе belmpd.info.

У Беларусі каля 80% цыганскіх дзяцей маюць пачатковую і сярэднюю адукацыю. Ва ўзросце дзесяці і больш гадоў не ўмеюць чытаць і пісаць 12% цыганоў. Толькі 45% непаўналетніх цыганоў, якія пражываюць у Брэсцкай вобласці, па неафіцыйных дадзеных, атрымліваюць адукацыю. Вышэйшую адукацыю маюць не больш за 2% іх насельніцтва. Сярэднюю, сярэднюю спецыяльную адукацыю або прафесійна-тэхнічную маюць каля 17%.

Афіцыйна працуюць каля 9% усіх беларускіх цыган. Узровень беспрацоўя – каля 31,5%. Многія сацыяльныя праблемы прыводзяць да крыміналізацыі цыганскіх супольнасцяў.

Праграма праекта «Сацыяльная інтэграцыя цыганоў у Беларусі: забеспячэнне права на роўнасць» накіравана на стварэнне роўных магчымасцяў цыган. Сферы дзеяння розныя: адукацыя, працаўладкаванне, сацыяльнае забеспячэнне і культура. Цэнтральным элементам стане сістэма медыяцыі – пасрэдніцтва паміж цыганскімі супольнасцямі і дзяржаўнымі органамі. Медыятары змогуць інфармаваць цыганскае насельніцтва адносна нормаў заканадаўства рэспублікі, дзяржаўнай палітыкі ў розных галінах.

Наталля Кутузава адзначыла некалькі асноўных праблем, пра якія кажуць самі цыганы.

Па-першае, «складаныя» адносіны з органамі МУС: прымусовая дактыласкапія, адвольныя затрыманні. Па-другое, дыскрымінацыя пры прыёме на працу: цыганам адмаўляюць у працаўладкаванні пры наяўнасці вакансій. Па-трэцяе, адсутнасць адукацыі і даступных адукацыйных праграм для дарослага насельніцтва. І праблемы з легалізацыяй: адсутнасць пашпартоў, пасведчання аб нараджэнні.

Рашэнне праблем наўпрост залежыць ад партнёрства цыганскіх супольнасцяў з органамі ўлады: найбольш «праблемнымі» рэгіёнамі з’яўляюцца тыя, дзе цыганскія арганізацыі альбо не існуюць, альбо не дзейнічаюць у інтарэсах цыганскага насельніцтва. Прыкладам найбольш паспяховага супрацоўніцтва з’яўляецца Ашмянскі раён, зазначыла Кутузава.

Яна звярнула ўвагу, што практычна паўсюдна асноўнай прычынай дыскрымінацыі цыган з’яўляецца іх працяглая ізаляцыя ад грамадства, якая мае узаемная характар: насельніцтва не давярае цыганам, насцярожана ставіцца, цыганы не імкнуцца да інтэграцыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі