Абяры гадзіну, каб маліцца за Радзіму: 12 красавіка стартуе няспынная малітва за Беларусь

0_9812f_be54700_L

З 12 красавіка пачынаецца няспынная малітва за Беларусь. Хрысціяне розных канфесій аб’ядноўваюцца, каб праз малітву змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага.

Акцыя мае назву “Абяры сваю гадзіну, каб маліцца за Радзіму”. Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб ні на хвіліну не спынялася малітва за Беларусь. Для дасягнення гэтай мэты неабходна было аб’яднаць 168 чалавек, якія б на працягу гадзіны маліліся адзін раз на тыдзень.

Зараз усе малітоўныя гадзіны занятыя, але жадаючыя могуць далучыцца і маліцца па двое ці трое разам, паведаміла адна з арганізатараў акцыі Вольга Севярынец.

Думкі пра неабходнасць пастаянна маліцца за сваю краіну прыходзілі многім, але агучыла такую прапанову каталічка Юлія Фралова, ідэю падтрымаў пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец. Так стварылася арганізацыйная група, разам вырашылі актывізаваць і пашырыць малітву за Беларусь, якая існуе з 2006 года і адбываецца штодня ўвечары. Многія моляцца дома, а некаторыя ў 20:00 збіраюцца разам. У Мінску месца вызначана ля Чырвонага касцёла, і ў многіх гарадах ёсць месцы, дзе збіраюцца вернікі разам для малітвы. І гэта акрамя звычайных малітоўных і іншых службаў у цэрквах, касцёлах і дамах малітвы.

Вольга Севярынец упэўнена, што людзі будуць у пэўны час маліцца. “Вернікі ставяцца да акцыі вельмі адказна — гэта адказнасць перад Богам, сабою, Радзімаю.  Многія  сур’ёзна ўзважваюць свае магчымасці і сілы, і некаторыя адмаўляюцца — кажуць, што не змогуць аддана маліцца цягам гадзіны. А тыя, што застаюцца, будуць маліцца дакладна”, — кажа яна.

Неабходнасць у такой малітве Вольга тлумачыць так: “Трэба маліцца, каб Бог зберагаў нашу краіну. Малітва — гэта тое, што мы можам і павінны рабіць”.

Ініцыятыўная група малітоўнага марафону прапануе прыкладныя тэмы малітваў.

За адзінства, бо гэта салідарная духоўная адказнасць неабыякавых хрысціянаў перад Богам і будучымі пакаленнямі.

За Адраджэнне — грамадскае, духоўнае, нацыянальнае і эканамічнае.

За мір і супакой у Беларусі, за сем’і,  за ненароджаных дзяцей і за спыненне абортаў.

За народ і павагу да беларускай мовы.

За свабоду беларусаў ад алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі, іграманіі.

За ўсенароднае пакаянне ў грахах камунізму, абыякавасці і крадзяжу.

За тое, каб беларусы пазбавілася ад страху чалавечага і мелі страх Божы.

За цэрквы.

За моладзь і дзяцей,  за ўсынаўленне сіротаў,  за аздараўленне хворых.

За незалежнасць і цэласнасць Беларусі.

За тое, каб хрысціянскія прынцыпы былі нормай жыцця для беларусаў і за адказнасць ва ўсіх сферах жыцця Беларусі.

За непарушнасць, любоў і вернасць сем’яў.

За згоду паміж хрысціянамі Беларусі.

За спыненне самагубстваў.

За пакаянне ўсёй Беларусі.

Але кожны можа маліцца за вырашэнне той праблемы, якую лічыць найбольш вострай.

Placat

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі