Рэлігійная свабода ў свеце: Беларусь, Грэцыя і Расія — горшыя ў Еўропе

сцягТрое з чатырох чалавек у свеце, якія церпяць пераслед ці дыскрымінацыю па рэлігійнай прыкмеце, — хрысціяне. 200 млн хрысціян падвяргаюцца ганенням за веру, яшчэ 50 млн адчуваюць дыскрымінацыю, гаворыцца ў «Дакладзе аб рэлігійнай свабодзе 2014», апублікаванага фондам «Дапамога Царкве ў бядзе». Даклад ахоплівае перыяд з кастрычніка 2012 года па чэрвень 2014-га.

81 краіна з 196-і (41%) адносіцца да краін, дзе ўзровень рэлігійнай несвабоды высокі або сярэдні. У 35 краінах (18%) некаторыя рэлігійныя пытанні выклікаюць заклапочанасць. У 80 краінах (41%) сістэматычных або рэгулярных парушэнняў рэлігійнай свабоды не выяўлена.

20 краін адзначаны ў катэгорыі «высокі ўзровень рэлігійных пераследаў». Пры гэтым у Афганістане, Саудаўскай Аравіі, Егіпце, Іране, Іраку, Лівіі, Мальдывах, Нігерыі, Пакістане, ЦАР, Самалі, Сірыі, Судане і Емене адказнасць за пераслед ляжыць на ісламістах, Азербайджане, Кітаі, Паўночнай Карэі, Эрытрэі, М’янме і Узбекістане — на дзяржаўных уладах.

Толькі ў 6 з 196 прааналізаваных краін адзначаецца паляпшэнне ў сітуацыі з бяспекай рэлігійных меншасцяў: Іране, ААЭ, Кубе, Катары, Тайвані і Зімбабвэ.

З краін Еўропы сітуацыя з рэлігійнай свабодай горш за ўсё ў Беларусі (становішча пагоршылася), Грэцыі (пагоршылася) і Расіі (становішча не змянілася). З постсавецкіх краін рэлігійная свабода больш за ўсё парушаецца ў Азербайджане і Узбекістане, а таксама Казахстане, Кыргызстане, Таджыкістане і Туркменістане.

У якасці прыкладаў парушэння рэлігійнай свабоды ў Беларусі ў дакладзе прыводзіцца ціск на мінскую царкву хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё», арышт КДБ каталіцкага святара Уладзіслава Лазара, міліцэйскія рэйды ў дачыненні да незарэгістраваных баптысцкіх цэркваў, дыскрымінацыйны закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях.

«У Беларусі рэлігійная свабода звязана з захаваннем правоў Праваслаўнай Царквы, якая цесна звязаная з дзяржавай. Іншыя рэлігійныя групы, наадварот, падвяргаюцца пастаяннаму дзяржаўнаму кантролю. Рэлігійная свабода ў Беларусі пагоршылася ў разгляданы перыяд. Два мільёны чалавек, якія сутыкаюцца з пераследам, — гэта каталікі, пяцідзесятнікі, баптысты і іншыя пратэстанты, Сведкі Іеговы і іншыя», — гаворыцца ў дакладзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі