У Мядзельскім і Шчучынскім раёнах пахавалі каталіцкіх манахінь

мядзель9 красавіка ў каталіцкай парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі раён) адбыліся ўрачыстасці пахавання сястры Апалоніi Сімеоны Сінкевіч з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыi. Пахавальныя ўрачыстасці ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Cястра Апалонія (1918-2015) у манаскай супольнасці пражыла больш за 78 гадоў, у 1937 годзе склаўшы першыя законныя шлюбы, паведамляе catholic.by.

«Яна пажадала жыць паводле хрысціянскіх радаў: беднасці, паслухмянасці і чысціні, каб у гэтым служыць Богу да канца. Увесь час старалася падтрымліваць у сабе вобраз Бога. Яе жыццё праходзіла такім чынам, каб кожны яго момант быў служэннем Богу, а тым самым — служэннем чалавеку», — заўважыў мітрапаліт.

«У памерлай с. Апалоніі мы сёння бачым таго, хто супрацьпаставіўся сучасным выклікам часу, дзе пануюць толькі прыемнасці, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё, дзе людзі імкнуцца толькі да матэрыяльных каштоўнасцяў, усімі праўдамі і няпраўдамі квітнее карупцыя і ўсе прагнуць улады. Сястра ж паказвае нам іншы спосаб жыцця — паводле евангельскіх радаў, які ідзе супраць цячэння сучаснага свету», — сказаў арцыбіскуп.

У гэты ж дзень у парафіі Святога Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі раён) адбыліся ўрачыстасці пахавання сястры Агаты Пачобыт (1928-2015) з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Сястра Агата 25 гадоў правяла ў законнай супольнасці.

Пахавальныя ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.  Ён адзначыў, што «сваёй прысутнасцю ў манаскай супольнасці, працавітасцю, пабожнасцю і традыцыяй яна ўзбагаціла і ўзмацніла асновы супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці». З кожны днём, набліжаючыся да вечнасці, як адзначыў біскуп Станеўскі, сястра Агата ведала, што «смерць — гэта не канец, але пачатак новага жыцця, якое адкрывае брамы да неба».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі