Патрыярх Кірыл ў Велікодным пасланні заклікаў здзяйсняць подзвігі

КірылПатрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл звярнуўся да архіпастыраў, пастыраў, дыяканаў, маназаў і ўсіх верных дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы з традыцыйным Велікодным пасланнем. «Хрыстос уваскрос! У гэтым дзівосным сугуччы сапраўды жыватворных слоў — падстава нашай веры, дар надзеі, крыніца любові», — адзначыў ён.

Патрыярх падкрэсліў, што Уваскрасенне Хрыста — гэта найважнейшая для нашай веры, «сарцавіна і неадольная моц хрысціянства». «Уцелаўлёны Сын Божы, здзейсніўшы Адкупленне роду чалавечага, разарваўшы кайданы граху і смерці, дараваў нам сапраўдную духоўную свабоду і радасць ўз’яднання са сваім Стваральнікам», — нагадаў ён, паведамляе patriarchia.ru.

Прадстаяцель РПЦ заклікаў пераймаць Збаўцу, здзяйсняць подзвігі ў рэаліях сучаснага жыцця. Аднак, адзначыў ён, сэнс подзвігу заключаецца зусім не ў здабытку гучнай славы або набыцці ўсеагульнага прызнання. «Праз подзвіг, нязменна звязаны з унутраным высілкам і абмежаваннем сябе, мы маем магчымасць доследна спазнаць, чым ёсць сапраўдная і дасканалая любоў, бо ахвярнасць, якая ляжыць у падставе любога подзвігу, ёсць вышэйшай праявай гэтага пачуцця», — сказаў Патрыярх.

Паводле яго слоў, Гасподзь заклікаў людзей да подзвігу дзейснай любові праз самаадданае служэнне блізкім, перш за ўсё церпячым, хворым, адзінокім, сумуючым. «Калі гэты закон жыцця, які так ясна быў прадстаўлены і выяўлены ў зямным жыцці Самога Збавіцеля, стане набыткам большасці, то людзі будуць па-сапраўднаму шчаслівыя. Бо служачы іншым, чалавек набывае непараўнальна больш, чым аддае: Сам Гасподзь уваходзіць тады ў яго сэрца, і праз далучэнне Боскай ласкі мяняецца ўсё чалавечае жыццё», — гаворыцца ў віншаванні. Пры гэтым падкрэсліваецца, што «без подзвігу немагчыма сапраўднае духоўна-маральнае ператварэнне асобы».

«Калі ж подзвіг становіцца зместам жыцця не толькі асобнага чалавека, але і ўсяго народа, калі ў імкненні да вышняга злучаюцца сэрцы мільёнаў людзей, гатовых абараняць сваю Радзіму, адстойваць высокія ідэалы і каштоўнасці, тады адбываюцца сапраўды дзіўныя, цудоўныя і часамі нават невытлумачальныя з пункту гледжання фармальнай логікі рэчы. Такі народ здабывае вялікую духоўную моц, перамагчы якую аказваюцца няздольнымі ніякія бедствы і ворагі. Яскравым сведчаннем праваты гэтых слоў з’яўляецца Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, дасягнутая самаадданым подзвігам нашага народа. 70-годдзе гэты слаўнай даты мы ўрачыста адзначаем у гэтым годзе», — лічыць прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы.

«У жальбах і спакусах мы пакліканы захоўваць спакой і бясстрашнасць, бо нам дадзены вялікія і слаўныя абяцанні пра перамогу над злом. Ці нам сумаваць і адчайвацца!» — адзначае Патрыярх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі