Велікодны канцэрт у Салігорску быў прысвечаны Перамозе 1945-га

antТрадыцыйны Велікодны канцэрт у Салігорску ў гэтым годзе быў прысвечаны Перамозе 1945 года. Музычнае свята “Пасхальным небам асвечаны быў Дзень Перамогі”, прысвечанае праваслаўнаму Вялікадню, які 6 мая 1945 года супаў з капітуляцыяй гітлераўскай Германіі, наведаў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.

Канцэрт, падрыхтаваны сіламі педагогаў і выхаванцаў гарадской СШ № 10 і нядзельнай школы пры кафедральным саборы Нараджэння Хрыстова, настаяцелем якога з’яўляецца пратаіерэй Мікалай Розаў, а таксама супрацоўнікоў салігорскага Палаца культуры, суправаджаўся дабрачыннай выставай работ, зробленых рукамі дзяцей. На ахвяраванні, пакінутыя гледачамі наўзамен на сувеніры, будуць набытыя прадметы гігіены для цяжкахворых пацыентаў Долгаўскай бальніцы, паведамляе sluck-eparchiya.by.

Музычную частку працягнуў спектакль “Саша”, пастаўлены трупай праваслаўнага моладзевага брацтва святых Пятра і Фяўронні Мурамскіх. Удзел у падрыхтоўцы тэатральнай пастаноўкі прынялі кіраўнікі тэатральнай студыі СШ № 10 Ігар і Галіна Цемчыны, кіраўнік народнага тэатральнага калектыву «Пунсовыя ветразі» Ала Шулякоўская, мастачкі Лілія і Вольга Ільленкі, якія зрабілі дэкарацыі.

Па заканчэнні канцэрта актывісты брацтва Пятра і Фяўронні ўручылі 60 падарункаў, сабраных падчас дабрачыннай акцыі «Велікодны кошык». Падарункавыя пакеты атрымалі маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі з гарадскога аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і з сацыяльнага прытулку.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі