Велікодныя канцэрты прайшлі ў Мінску, Гродна, Іўі, Смаргоні і Сапоцкіне

koncertВелікодны канцэрт “Хачу спяваць праз усё жыццё” 12 красавіка адбыўся ў каталіцкім салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско ў Смаргоні.

Удзел у святочнай канцэртнай праграме, якая разгарнулася на тле прыгожых дэкарацыяў, узяў дзіцячы парафіяльны хор, гурты “Маладосць душы” і “Гулянок”, кола Жывога Ружанца, супольнасць “Легіён Марыі”, якія падрыхтавалі свае крэатыўныя нумары. Каманда салезіянскіх аніматараў падрыхтавала тэатр рук “Я боль твою возьму” і інсцэніроўку “Глядзі на крыж”, паведамляе sdb.by.

У Сапоцкінскім Доме культуры ў гэты дзень больш за 120 чалавек прыйшлі паглядзець велікодную містэрыю, падрыхтаваную дзецьмі і моладдзю парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Рэжысерам “Містэрыі з Якубам і Рут” традыцыйна стала законная сястра Эўхарыя, якая натхніла маладых парафіянаў на ўвасабленне вобразаў герояў пастаноўкі – маладых сужэнцаў з Каны Галілейскай і маці Якуба, якія разам з Ісусам перажываюць Яго муку і ўкрыжаванне, і глыбока пакутуюць з-за Яго смерці, паведамляе catholic.by.

У Іўі ў касцёле апосталаў Пятра і Паўла на Вялікдзень адбыўся канцэрт 13-гадовага Антона Шукава, які выканаў творы Баха, і інструментальнага ансамбля «Рафіка».

Святочны канцэрт “Велікодны настрой” адбыўся ў гэты дзень ў гродзенскай СШ № 27.  Удзел у канцэртнай праграме традыцыйна ўзялі выхаванцы нядзельнай школы пры праваслаўным храме Нараджэння Хрыстова, а таксама танцавальны калектыў “Непаседы”, і настаўнікі і вучні школы. Адначасова з канцэртам праходзіла выстава праваслаўнай творчасці школьнікаў “Велікодны цуд”, паведамляе orthos.org.

Вялікі Велікодны канцэрт адбыўся 13 красавіка ў сацыяльных майстэрнях мінскага праваслаўнага прыхода абраза “Усіх Тужлівых Радасць”. У велікодным свяце ўзялі ўдзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі і сваякі, прыхаджане.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія працуюць у сацыяльных майстэрнях, загадзя развучвалі тэксты, шылі касцюмы, выраблялі рэквізіт. Пачатак канцэрта блаславіў настаяцель прыхода пратаіерэй Ігар Карасцялёў, паведамляе sobor.by.

Работнікі майстэрняў падрыхтавалі паўгадзінную тэатральную пастаноўку па кнізе Аляксандра Дзюма «Тры мушкецёры». Выступілі таксама госці – ансамбль цымбалістаў «Залатая струна” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа і вакаліст Уладзімір Казлоў.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі