На Вялікдзень на вышыні 10 тыс. метраў над Беларуссю служылі Літургію

venУ Велікодную ноч з 11 на 12 красавіка з прычыны затрымкі самалёта, на борце якога знаходзіўся Жыватворны агонь, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін служыў Велікодную ютрань на вышыні 10 тысяч метраў.

Рэйс «Тэль-Авіў-Мінск», які здзяйсняў «Боінг-737» кампаніі «Белавія» з беларускай праваслаўнай дэлегацыяй на борце, затрымаўся на 3 гадзіны з-за паломкі аўтобуса, на якім ехала адна з групаў. Па гэтай прычыне ўладыка Веніямін прыняў рашэнне служыць Велікодную ютрань на борце, паведамляе sobor.by.

Уладыка Веніямін апрануў строй, з пасажыраў быў арганізаваны хор. Паколькі запальваць свечкі ў самалёце забаронена, замест іх настаяцель мінскага прыхода Серафіма Сароўскага Аляксандр Шырытон трымаў капсулы з Жыватворным агнём.

У складзе беларускай дэлегацыі, якая дастаўляла Жыватворны агонь, было 140 чалавек – духавенства, манахі, свецкія.

Велікоднае богаслужэнне ў начным небе на вышыні 10 тысяч метраў над зямлёй пачалося, калі самалёт ужо ляцеў над Беларуссю. Епіскап Веніямін вёў службу па мікрафоне, па якім абвяшчаюць інфармацыю для пасажыраў.

Богаслужэнне доўжылася 50 хвілін і завяршылася за паўгадзіны да пасадкі ў 00.40.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі