Грэка-каталіцкі святар: Айцец Надсан быў аўтарытэтам і для беларусаў па-за Царквой

krotБеларуская супольнасць свету 29 красавіка ў Лондане развітаецца з а. Аляксандрам Надсанам, Апостальскім візітатарам каталікоў усходняга абраду на эміграцыі, адным з духоўных лідараў беларусаў свету. Асэнсаваць маштаб асобы а.Надсана карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO паспрабавала ў гутарцы са святаром грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэем Кратом.

– Айцец Андрэй, наколькі знакавай, на вашую думку, была дзейнасць Надсана па-за рэчышчам Царквы?

– Айцец Аляксандр быў сапраўдным духоўным лідарам беларусаў. Менавіта ў гэтым была адметнасць яго асобы – ён быў аўтарытэтам не толькі для пэўнай канфесійна-царкоўнай групы, а таксама і для беларусаў, якія альбо толькі фармальна прылічвалі сябе да той ці іншай канфесіі, альбо цалкам заставаліся па-за Царквой.

a1Калі гаварыць пра эфектыўнасць яго працы,  дык вымяраць яе можна рознымі крытэрыямі. Я ведаю, што ён займаўся навуковай працай нават у апошнія месяцы свайго жыцця – рэдагаваў беларускі пераклад Псалтыры. Акрамя таго, ён жыў як беларускі “старац”, – да яго ў Лондан прыязджалі людзі, ён ахвотна з імі размаўляў, дзяліўся сваімі думкамі, успамінамі. Гэта, думаю аказвала на людзей нашмат большы ўплыў, чым публічныя выступы. Калі ўлічыць, што прыязджалі да айца людзі, якія маюць  уплыў на грамадскую думку, – навукоўцы, людзі мастацтва, святары, – можна смела сказаць, што ўплыў асобы айца Аляксандра на сённяшнюю Беларусь велізарны.

Але для мяне асноўная яго дзейнасць – гэта малітва. А для эфектыўнасці  малітвы стан здароўя ці век не перашкаджаюць, наадварот, напэўна, дапамагаюць.

– Ці паўплывала асоба айца Надсана на ваш шлях да святарскага служэння?

– Так, вельмі.  Я сустракаўся з ім некалькі разоў, першы, яшчэ калі быў студэнтам, у 1998 годзе, апошні – у 2009 годзе. Для мяне кожная сустрэча з Айцом была своеасаблівымі рэкалекцыямі. Што асабліва ў ім уражвала – ён заўсёды быў радасны, на твары ўсмешка. Гэта была сапраўдная хрысціянская радасць, якая перадавалася яго суразмоўцам.

a2– Не так даўно была прэзентацыя кнігі Надсана. Ці варта прымаць зараз нейкія захады для папулярызацыі і пашырэння даступнасці яго спадчыны?

– Варта было б перавыдаць яго кнігу “Біскуп Часлаў Сіповіч. Святар і беларус”. Шмат людзей пра яе пытаецца, а наклад даўно вычарпаны. Тое самае з “Літургіконам”. Аднак шмат яго кніг можна спакойна атрымаць у грэка-каталіцкіх парафіях. У першую чаргу гэта малітоўнік “Госпаду  памолімся” і катэхізіс “Наша вера”,  якога ёсць вельмі шмат асобнікаў.

Што да папулярызацыі спадчыны айца Аляксандра – я думаю, у сувязі са смерцю айца папулярнасць яго кніг узрасце. На жаль, мы, людзі, больш цэнім таго, каго страцілі.

– Якія змены нясе смерць айца Надсана беларускай уніяцкай Царкве?

– Грэка-каталіцкая Царква за мяжой адміністратыўна не залежыць ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Таму нейкіх персанальных змен у кіраўніцтве не будзе. Да таго ж і лонданская місія нядаўна перайшла ў падпарадкаванне ўкраінскагау грэка-каталіцкаму біскупу. Таму, я думаю, кіраваць ёй працягне вучань айца Аляксандра, айцец Сяргей Стасевіч, які апошнія гады вельмі паспяхова выконваў гэтае служэнне.

a3– Айцец Андрэй, калі падсумаваць жыццёвы плён яго дзейнасці, якія моманты і заслугі вы вызначылі б як найзначнейшыя?

– Зараз шмат узгадваецца пра заслугі айца Аляксандра: ён ствараў бібліятэку і музей у Лондане, рабіў беларускія літургічныя пераклады, пісаў навуковыя кнігі. Але, як я казаў вышэй, асноўнай заслугай айца Аляксандра я лічу яго малітоўны подзвіг. Некалькі дзесяцігоддзяў ён кожны дзень маліўся  за Беларусь, служыў за яе Еўхарыстыю. У гэтым я бачу і прычыну плённасці яго дзейнасці, бо былі і іншыя, хто хацеў стварыць бібліятэку ці музей, рабіў літургічныя пераклады. Аднак іх праца не мела такога маштабу і плёну, як у айца Аляксандра Надсана. Думаю, дзякуючы малітвам Айца адрадзілася Грэка-Каталіцкая Царква на Беларусі, і беларуская мова гучыць сёння ў святынях розных веравызнанняў. Ён, напэўна, першы ў гісторыі Беларусі служыў Еўхарыстыю па-беларуску: 11 сакавіка 1990 года ў Мінску ў Кальварыйскім касцёле, а на наступны дзень – у Гродне, у Францішканскім касцёле.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі