Новым кіраўніком БАЖ стаў Андрэй Бастунец, члены СХЖБ – у Радзе арганізацыі

бастунец1У Мінску 24 красавіка адбыўся ІХ з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Удзел у ім прынялі сярод іншага і сябры грамадскай ініцыятывы Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў, у тым ліку каардынатар супольнасці Максім Гацак і галоўны рэдактар ​​КРЫНІЦА.INFO Анатоль Шырвель.

У сваіх выступах на з’ездзе яны распавялі пра дзейнасць супольнасці і хрысціянскага інфармацыйнага партала КРЫНІЦА.INFO, заклікаўшы да супрацоўніцтва з сайтам і супольнасцю.

На з’ездзе было абрана новае кіраўніцтва БАЖ. Старшынём арганізацыі абраны былы намеснік старшыні Андрэй Бастунец. Яго намеснікамі сталі Аліна Суравец, Святлана Калінкіна, Аляксандр Старыкевіч і Міхаіл Янчук. Яшчэ дзесяць чалавек увайшлі ў кіраўніцтва арганізацыі, агульная ж колькасць членаў Рады ГА БАЖ склала 39 чалавек. Членамі Рады былі абраныя сярод іншых члены СХЖБ: Максім Гацак, Аляксандр Тамковіч і Барыс Гарэцкі. Папярэдні старшыня БАЖ Жанна Літвіна, якая займала гэтую пасаду з моманту заснавання арганізацыі ў 1995 годзе, увайшла ў кіраўніцтва арганізацыі.

З’езд таксама зацвердзіў напрамкі дзейнасці БАЖ на 2015-2017 гады: адстойванне свабоды выказвання меркавання і права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, прафесійная падтрымка і развіццё журналістаў, умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу. З’езд заклікаў беларускія ўлады прызнаць статус журналістаў-фрылансераў і не перашкаджаць іх працы.

Сябрамі БАЖ з’яўляюцца 1150 чалавек. Арганізацыя была ўзнагароджана Залатым пяром Свабоды (2003), прэміяй «За свабоду думкі” (2004), Свабода Атлантычнага савета (2011).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі