Патрыярх Філарэт: прызнанне ўкраінскай аўтакефаліі паўплывае і на Беларусь (відэа)

a072b-clip-49kbНекананічная Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату ставіць пытанне перад Канстантынопальскім Патрыярхатам, каб ён прызнаў УПЦ КП аўтакефальнай Царквой. Пра гэта ў размове з сустаршынямі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Георгіем Дзмітруком і Паўлам Севярынцам заявіў кіеўскі патрыярх Філарэт.

«Калі Канстантынопаль прызнае Кіеўскі Патрыярхат, то ён тым самым адчыніць дзверы для іерархіі і духавенства Маскоўскага Патрыярхату пераходзіць у Кіеўскі Патрыярхат», — сказаў ён.

Патрыярх дадаў, што такім ёсць шлях развіцця Праваслаўнай Царквы ва Украіне і ад яго нікуды не падзецца ні УПЦ МП, ні Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, апроч як аб’яднацца ў адну Царкву. Гэтага вымагае, паводле яго, народ Украіны і вайсковыя абставіны.

«Таму мы не маем сумневу, што ва Украіне будзе адзіная прызнаная Царква. Прыклад Украіны будзе прыкладам для Беларусі. Калі Украінская Царква стане прызнанай аўтакефальнай Царквой, то чаму нельга Беларусі? Яна ж таксама асобная дзяржава. І як асобная дзяржава, павінна мець сваю асобную незалежную Царкву. У Маскве гэта добра разумеюць», — падкрэсліў зверхнік УПЦ КП.

Патрыярх Філарэт таксама заявіў, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім імкненні скарыць Украіну не ўлічыў украінскі дух і тое, што на бок Украіны сталі Еўропа і ЗША. «І Пуціну цяжка супраць гэтай моцы змагацца. Таму ў Пуціна няма цвёрдай надзеі на тое, што ён пераможа», — мяркуе ён.

Украінскі іерарх таксама выказаўся адносна біблійнага выслоўя, што ўсялякая ўлада ад Бога (Рым 13:1). «Гэта азначае, што Бог кіруе ўсім светам. Ён сказаў, што волас не падае без Яго волі. І калі волас не падае, то і ўсё, што адбываецца ў свеце, адбываецца з волі Божай або папушчэння Божага. З волі Божай адбываецца ўсё добрае, а з папушчэння – усё злое», — адзначыў ён.

У якасці прыкладу ён прывёў грэхападзенне Адама і Евы. Калі яны зграшылі з волі Божай, то яны бязвінныя, бо такая воля Божая. «Але Бог як Адаму папусціў выявіць сваю волю,  так і Гітлеру папусціў, і Сталіну, і Леніну, і іншым», — сказаў патрыярх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі