Пераможца зроблены з пастаянства. 5 сакрэтаў поспеху ад Аляксандра Патліса

Патліс 2 (1)Гэтага спевака многія ведаюць як саліста гурта “Новы Іерусалім”, у складзе якога ён адпрацаваў 15 год. Аднак сёння Аляксандр Патліс займаецца сольнай кар’ерай, яго песні часта можна чуць на хвалях папулярных беларускіх радыёстанцый. У творчай скарбонцы – канцэрт у суправаджэнні аркестра Узброеных сілаў Беларусі, дуэт з Іскуі Абалян, сольная пласцінка. Аднак шлях да поспеху быў досыць цярністым, на ім здараліся свае ўзлёты і падзенні. Пасля размовы са спеваком карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO паспрабавала вывесці 5 сакрэтаў поспеху ад Аляксандра Патліса.

1. Свядома фарміруй мысленне і ўчынкі

Кожны з нас з нечага зроблены, як плітка шакаладу, – кажа Аляксандр Патліс. – Калі прачытаць тое, што напісана на яе абгортцы, можа ўбачыць, які працэнт какао ў ёй змяшчаецца, які малака, – што ўнутры. Калі ўзяць іншую шакаладку, напрыклад са смакам карамелі, то ў яе будзе іншы склад. Так і людзі: кожны з нечага зроблены. Складнікі чалавека – гэта яго думкі, словы і ўчынкі. Пасля таго, як з’ядаеш шакаладку, застаецца пэўны прысмак. Гэтак жа і кантактуючы з людзьмі, мы слухаем іх словы, бо яны адлюстроўваюць тое, як мысліць чалавек. А мысленне, у сваю чаргу, фарміруе яго ўчынкі.

У людзей, які сутыкаюцца з намі, таксама застаецца пэўны “прысмак”. Часам ён бывае прыемным, а часам, наадварот з’яўляецца асадак і думка, што лепей бы з ім увогуле не размаўляў.

Я хачу падкрэсліць, што кожны з нас робіць сябе сам. Нас фарміруюць нашы сябры, кампанія. Або на нас маюць уплыў серыялы, музычныя каналы і куміры, творчасць якіх мы слухаем і спосаб жыцця якіх імкнёмся пераймаць.

2. Настойліва шукай сваё месца

Я нарадзіўся ў невялікім гарадку ў звычайнай працоўнай сям’і. У бацькоў не было вялікіх грошай, каб укладваць іх у маё прасоўванне ў шоў-бізнэсе – у відэакліпы, піяр і ўсё іншае. Аднак яны проста ўбачылі ўва мне талент і накіравалі ў музычную школу. Я скончыў таксама музычнае вучылішча, у 16 год стварыў уласную групу. У 18 год я пайшоў у войска, за час службы ў ім даў 200 канцэртаў – амаль кожны трэці дзень на працягу двух гадоў у мяне было выступленне. Яшчэ праз пэўны час я стаў веруючым і зразумеў, што мой лёс у руках Бога. Вырашыў кожны свой дзень праходзіць разам з Ім.

Патліс 1 (1)Калі я быў маленькім хлопчыкам, я заходзіў з мамай у аўтобус і пачынаў крычаць: “Дзе маё месца?” Ведаеце, калі вы шукаеце сваё месца, вам на яго абавязкова ўкажуць (нават калі яно занята, хтосьці ўстае і ты садзішся). І я пачынаў спяваць у аўтобусе. Мая маці саромелася, закрывала мне рот. А людзі казалі: “Няхай хлопчык спявае, у яго добра атрымліваецца”.

3. Будзь гатовы пачаць усё з нуля

У жыцці бываюць такія пераломныя моманты, калі ўжо ні адзін чалавек не можа табе дапамагчы. Са мной такое здарылася ў 2006 годзе, калі ўсё, чым я займаўся на працягу 15 год, знікла ў адзін момант. Тады распаўся гурт “Новы Іерусалім”, салістам якога я з’яўляўся. Я стаяў у чужой краіне, адзін, маліўся, і разумеў, што заўтрашні дзень будзе зусім новым у маім жыцці. І, больш таго, я такім яго не планаваў – так склаліся абставіны. Я моўчкі задаваў пытанні: “Чаму так са мной адбылося?..” Але разумеў, што ў дадзенай сітуацыі або я выплыву, або патану…

Я думаў пра той талент, які меў і рэалізоўваў на працягу 15 год. Я разумеў, што незалежна ад абставін і людзей, якія прыходзяць або сыходзяць з майго жыцця, я павінен быць тым, кім заўсёды марыў быць. Мне трэба пражыць ні нейчае, а сваё жыццё – Аляксандра Патліса. Пражыць як той чалавек, які верыць, што яму ад Бога дадзены талент – голас і магчымасць пісаць песні. І нягледзячы на тое, што доўгі час я рэалізоўваў яго разам з гуртом, а з заўтрашняга дня давядзецца рабіць гэта аднаму або сабраць новы калектыў, – я быў гатовы да гэтага. Бо я адзін, але не адзінокі: я прасіў Бога, каб у маё жыццё прыйшоў новы этап.

Праз некалькі гадзін такіх роздумаў пад дажджом, які імжыў, маё сэрца напоўнілася радасцю, бо я перастаў шкадаваць сябе і думаць, чаму я трапіў у такое становішча. Трапіў, дык трапіў – жыццё не спынілася. Трэба ісці наперад.

4. За талент давядзецца плаціць пэўны кошт

Перамога паступова прыйшла ў маё жыццё. І не таму, што на галаву зваліліся спрыяльныя абставіны. У той сітуацыі я патэлефанаваў сваім сябрам і сказаў, што мне трэба на пэўны час псіхалагічна пераключыцца, зарабіць колькі грошай для сваёй сям’і. З горада, у якім мяне ведалі як папулярнага спевака, я з’ехаў у зусім іншае месца і ўладкаваўся рознарабочым на будоўлю. Я абдзіраў сайдынг, шчыты, цягаў дошкі, забіваў і вырываў цвікі. Атрымаўшы за гэта пэўныя грошы, я запісаў песню “Любоў спусцілася да нас з неба” і вярнуўся дадому.

Калі вы верыце ў свой талент, будзьце гатовыя заплаціць за яго пэўны кошт. Калі я напісаў некалькі песень, мы з жонкай вырашылі частку нашага сямейнага бюджэту патраціць на іх запіс. Бо калі я артыст, я павінен сам плаціць за сваю мару, сваю творчасць. Толькі калі я ўклаў свае сродкі, з’явіўся бізнэсмэн, які, паслухаўшы гэтыя песні, сказаў, што хоча праспансіраваць палову кошту запісу майго будучага альбома.

Як толькі ты штосьці сеіш у сваім жыцці, яно абавязкова прарастае. Таму трэба марыць, імкнуцца і плаціць неабходнае. Без бою перамогі не бывае. Рыхтуйцеся да перамогі, аднак будзьце гатовыя прыйсці да яе праз змаганне.

5. Разумей, што жыццё мае тэрмін прыдатнасці

З чаго зроблены пераможца? З пастаянства. Свет навокал і грамадскае меркаванне будуць змяняцца. Але трэба жыць і ісці наперад кожны дзень.

Я хачу сказаць, што наша пакліканне і жыццё маюць тэрмін прыдатнасці. Як на шакаладках напісана, да якога часу іх трэба ўжыць, так і жыццё чалавека змяшчае ад 20 да 50 эфектыўных гадоў – і ўсё. Таму скарыстайцеся сваім жыццём і пакліканнем ужо сёння, станьце тымі, кім вы калісьці марылі быць.

Сёння, калі мной, у складзе гурта або асобна, запісана 10 альбомаў, знята шмат відэакліпаў, я не шкадую, што сярод іншых шляхоў выбраў той, на які клікала сэрца. Пераможцы зроблены з таго, што нягледзячы на абставіны яны здольныя быць самімі сабой, бачаць мэту і ўмеюць дайсці да канца. Пераможцамі не нараджаюцца. Імі становяцца. Ніколі не здавайцеся, як казаў Чэрчыль.

Ніна Лістота, фота Анастасіі Патліс.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі