Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы пракаментавалі словы Лукашэнкі пра бяздзетнасць

kolaПрадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў Беларусі пракаментавалі выпад Аляксандра Лукашэнкі адносна адсутнасці ў часткі прадстаўнікоў духавенства асабістага жыцця, зроблены 29 красавіка падчас штогадовага паслання да беларускага народа і парламента.

Каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «чалавек без дзяцей – не чалавек», і таму святары «цішком дзе-небудзь нешта касячаць», прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў Беларусі нагадалі пра прычыны, па якіх шэраг служыцеляў Царквы не мае сям’і, паведамляе belapan.com.

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін нагадаў, што зарок бясшлюбнасці даюць манахі, якімі з’яўляюцца святары, што маюць сан епіскапа і вышэй: “Жанаты святар не можа стаць епіскапам, ня прыняўшы манаства. Усе епіскапы Праваслаўнай царквы, адпаведна канонам, не маюць сям’і . Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы не мае сям’і, ён манах”, таксама дадаўшы: “У нас няма падставаў сумнявацца ў тым, што епіскапы Беларускай Праваслаўнай Царквы захоўваюць зарок бясшлюбнасці і вядуць пабожны лад жыцця адпаведна канонам веры і маралі Праваслаўнай Царквы”.

Выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юрый Санько заявіў: «Усе каталіцкія святары не ўступаюць у шлюб і, адпаведна, не маюць сэксуальнага жыцця. Бясшлюбнасьць – гэта адзін з зарокаў, які прымаецца чалавекам свядома, і ён вельмі важны для прадстаўнікоў Касцёла”, адзначыўшы, што для многіх святароў сям’ёй становіцца парафія, а таксама нагадаўшы пра практыку духоўнага бацькоўства.

Звяртаючыся да беларускага народа, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Для таго каб выступаць за сям’ю, трэба самім мець дзяцей. Я часта крытыкую непублічна нашых святароў, асабліва высокага ўзроўню. Ну так за сям’ю выступаюць і агітуюць! Калі я пытаюся: ваша свяшчэнства, ваша высакароддзе, колькі дзяцей у вас? Няма. Ну так што вы агітуеце? Для таго, каб агітаваць, трэба самім мець дзяцей. Што за дзікунства? Святар вялікага ўзроўню не павінен мець дзяцей? Ну што гэта такое? Упэўнены, што цішком дзе-небудзь нешта касячаць. Я не тое, што ўпэўнены, я ведаю гэта. Гэта нармальна. Дзеці павінны быць, каб быць чалавекам. Без дзяцей – не чалавек. Бывае, чалавек хворы. У нас у дзіцячых дамах яшчэ не ўсіх разабралі “.

Негатыўнае заяўленне кіраўніка дзяржавы выклікала шырокі рэзананс у сацыяльных сетках, справакаваўшы абурэнне ў колах вернікаў абедзвюх традыцыйных канфесіяў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі