Майскі фестываль сям’і ў Мінску: арганізатары аб тым як гэта будзе

festival-7i
Святлана Новікава разам з іншымі ўдзельнікамі аргкамітэта «Фестывалю сям’і» у Мінску

У Мінску 9-10 і 16-17 мая ўжо ў другі раз пройдзе дабрачынны «Фестываль сям’і». Яго арганізатары ўпэўненыя, што сям’я — гэта адна з вышэйшых каштоўнасцяў, падараваных людзям звыш. І самы выдатны спосаб паказаць сваю любоў сям’і — правесці час разам, а яшчэ лепш у парку. Карэспандэнт партала КРЫНІЦА.INFO вырашыла больш дэталёва высветліць, хто і навошта праводзіць у Мінску такое адметнае і патрэбнае масавае мерапрыемства і сустрэлася з удзельніцай аргкамітэта Святланай Новікавай.

— Святлана, раскажыце, як і чаму нарадзілася ідэя арганізаваць фестываль. Якія ў яго мэты?

— Неяк сабраліся разам неабыякавыя хрысціяне і абмяркоўвалі, што добрага можна зрабіць для жыхароў Мінска. Прыйшла ідэя правесці вялікае дабрачыннае свята. Пляцоўкай для яго стаў Парк Горкага. Мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем сям’і, паказаць важнасць захавання сямейных каштоўнасцей. Наш час — час супярэчнасцяў і роспачы. Людзі адчуваюць вялікую адчужанасць адзін ад аднаго. Але ж у нас з вамі ёсць сям’я, бацькоўскі дом, дзе нас чакаюць, памятаюць, даруюць. Менавіта ў сям’і мы вучымся любові, адказнасці, клопату і павазе. І «Фестываль сям’і» стаў добрай магчымасцю нагадаць пра гэта. Праводзячы гэта мерапрыемства, мы хацелі нагадаць пра шматвяковыя традыцыі культу сям’і ў Беларусі, пра важнасць выхавання маральнага падрастаючага пакалення, аб тым, што ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей гэта па-ранейшаму каштоўна для чалавека, для яго духоўнага здароўя. Мы хацелі паказаць, што шматдзетная сям’я і здаровы лад жыцця — гэта выдатна.

— Фестываль праходзіць другі год запар. Цікава, а як было ў мінулы раз, ці шмат людзей вас наведала, і ці выклікала гэта падзея нейкі рэзананс у грамадстве?

— У мінулым годзе «Фестываль сям’і» праходзіў 6 дзён па 5 гадзін. Гэта было даволі маштабнае мерапрыемства. За гэты час нас наведала больш за 10 тысяч чалавек. Мы змаглі падарыць жыхарам горада і гасцям сталіцы цудоўнае свята, прысвечанае адраджэнню ў грамадстве ідэалу моцнай, дружнай і шчаслівай сям’і. Для нас важна, каб людзі пачулі аб захаванні важных хрысціянскіх прынцыпаў і важнасці сям’і, аб агульначалавечых каштоўнасцях, такіх як шчасце, адказнасць, ахвярная любоў, узаемная павага і давер мужа і жонкі. Бо гэта так выдатна — гуляць разам, святкаваць нешта ўсёй сям’ёй, разам працаваць, маліцца. Кожны з нас хацеў бы праводзіць больш часу са сваёй сям’ёй, але ж на гэта часта не хапае часу і сіл! Мяркуючы па водгуках людзей, усе засталіся задаволеныя такім вольным часам для ўсёй сям’і, ды яшчэ і бясплатным. Любы мог знайсці сабе там занятак па душы. Дзеці маглі пагуляць, а бацькі пагутарыць і пабыць разам. Вялікія сем’і не могуць сабе дазволіць адпачываць разам дзесьці, часта гэта дорага (напрыклад, пакатацца на ўсіх атракцыёнах). А мы далі ім магчымасць бясплатна разам пагуляць і паўдзельнічаць у конкурсах. Многія пісалі ў водгуках, што выпадкова праходзілі міма (хацелі адпачыць ў Парку), але потым засталіся на тэрыторыі фестывалю да канца.

— Асноўнае дзеянне фестывалю адбывалася на галоўнай сцэне Парку Горкага на ўваходзе. Хто з вядомых выканаўцаў прымаў удзел у падзеі? Што засталося ў вашай памяці?

— У Фестывалі-2014 прынялі ўдзел Аляксандр Патліс, Анастасія Ціхановіч, група «Спасение», дзіцячая студыя «Мідлена», гурт « Novi Ierusalim », рэп-група «Честное слово» і інш. музыканты. Яны адгукнуліся з задавальненнем, таму што падзяляюць нашыя каштоўнасці, таму што хочуць, каб іх гледачы — і дарослыя і дзеці — былі шчаслівыя. На канцэрты падчас фестывалю людзі прыходзілі ўсёй сям’ёй, для іх гэта быў сюрпрыз, многія проста не чакалі атрымаць такое маштабнае і арганізаванае дзейства. Асабліва радаваліся дзеці: тут для іх ёсць і спорт, і шарыкі, і розныя гульні, і твар размалююць  — усё што заўгодна! Людзі наогул сёння сумуюць па зносінах, і  таму  спяшаліся скарыстацца магчымасцю Адна з наведвальніц распавядала, што яе муж падчас свята быў на працы. Але яна патэлефанавала яму і з такім захапленнем расказала пра ўсё, што адбываецца, што той пакінуў усе справы і адразу прыехаў у парк, каб пабыць з жонкай і дзіцем. На галоўнай сцэне парку быў не толькі канцэрт, там гучала шмат кранальных гісторый пра сям’ю і пра тое, як захаваць шчасце і каханне ў доме. Гэта кранала гледачоў часам да слёз. Праграма была цікавая і падлеткам, многія маладыя хлопцы і дзяўчаты спыняліся і падпявалі ўдзельнікам канцэрта. Яшчэ ўспамінаецца, як мы выклікалі на сцэну шматдзетныя сем’і, дарылі ім падарункі ад спонсараў, казалі, як гэта выдатна. Мне здаецца, гэта моцна змяняла ўяўленне людзей аб такіх сем’ях.

— Раскажыце, як будзе праходзіць ФС-15 (астраўкі, спорт, гульні …, акцыі)? Хто плануе прыняць удзел у фестывалі сёлета?

— Усе пералічаныя музыкі пагадзіліся прыняць удзел у «Фестывалі сям’і» і ў гэтым годзе. У гэты раз усіх чакае не менш шырокая праграма: сілавое шоў, дзіцячы паказ мод, выступленне дзіцячых музычных і тэатральных студый, танцавальныя майстар-класы і флэш-мобы, выступленні маладзёжных музычных гуртоў. Усю тэрыторыю Фестывалю дзеляць на тэматычныя пляцоўкі-астраўкі. Пералічу толькі некалькі: настольныя гульні, астравок здароўя, прычоскі, аква-Грым, макіяж, мадэляванне шарыкаў, кансультацыі дыетолагаў, хаджэнне па канату, чытанне дзіцячых беларускіх кніжак, хэнд-мейд, фота-астравок і інш. А яшчэ ў праграме — конкурс дзіцячага малюнка на асфальце, падарункі ветэранам да Дня Перамогі, бо Фестываль пачнецца якраз 9 мая і як не ўшанаваць паважаных у народзе людзей ? Вядома ж, ўзнагароды і прызы зноў прыгатаваны і для шматдзетныя сем’яў. Думаю, што гэта будзе яркае, маляўнічае і займальнае мерапрыемства для ўсёй сям’і, што мне асабліва блізка.

— У рамках фестывалю праводзіцца шмат конкурсаў, гульняў і ўручэнняў прызоў. Хто з’яўляецца вашымі спонсарамі?

— Нашымі асноўнымі інфапартнёрамі з’яўляюцца парталы afisha.tut. by, relax.by,  krynica.info. Кампаніі «Fit Curves», «Nuga Best», «Free style»,  СЗАТ «Недраинвест «, «Арыфлэйм» аказалі нам спонсарскую падтрымку.

— Чаго вы як арганізатары чакаеце ад Фестывалю?

— Фестываль — гэта яшчэ адзін крок да аднаўлення высокага статусу сям’і, крок да адраджэння шанавання сямейных каштоўнасцяў у беларускім грамадстве. Мы чакаем, што гэта зменіць духоўную атмасферу ў нашым горада да лепшага, нагадае пра важнасць духоўна-маральных каштоўнасцяў. Веру, што пасля ўдзелу ў фестывалі сям’і стануць згуртаваней і мацней, падвысіцца значнасць мацярынства і бацькоўства. Было б выдатна, калі б і ў гэтым годзе на фестываль прыйшло шмат моладзі — гэта для іх выдатная магчымасць убачыць добры прыклад. Мы пастараліся так арганізаваць мерапрыемства, каб усе, хто прыйшоў у гэтыя дні ў Цэнтральны дзіцячы парк у Мінску (парку Горкага) змаглі выдатна адпачыць. Чакаем усіх, хто любіць і шануе сям’ю, хто хоча навучыцца быць сучасным, адукаваным і адказным бацькам і даць сваім дзецям максімум карысці і цяпла. Усе дэталі правядзення «Фестывалю сям’і» можна знайсці на нашай стронице ў сацсетцы «Вконтакте» vk.com > familyfestival .

Падрыхтавала Вольга Зробак.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі