Епіскап Феадосій адкрыў помнік пакутніку Канстанціну Жданаву

krestyУ Шаркаўшчыне 29 красавіка, у дзень памяці мясцовашанаванага праваслаўнага святара Канстанціна Жданава, быў адкрыты і асвечаны помнік святому ўгодніку – закатаванаму бальшавікамі святару, намаганнямі якога ў пачатку ХХ стагоддзя быў узведзены храм Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, у якім служылася святочная Літургія.

Святкаванні пачаліся ля ўваходу ў храм ўрачыстай сустрэчай архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які затым узначаліў богаслужбу памяці святапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, у саслужэнні вялікай колькасці святароў Полацкай епархіі, паведамляе eparhia992.by.

Па заканчэнні Боскай літургіі са Свята-Успенскага храма выйшаў хросны ход, які накіраваўся да помніка-бюста святому Канстанціну, усталяванаму ля кінатэатра «Вясёлка» на скрыжаванні вуліцаў 17-га верасня і Энгельса. Уладыка Феадосій здзейсніў набажэнства ў саслужэнні святароў і акрапіў помнік святой вадой.

Звяртаючыся да прысутных, ўладыка Феадосій падкрэсліў: “Канстанцін Жданаў сваім жыццём і сваёй смерцю даказаў праўдзівасьць таго, што Хрыстос сапраўды ўваскрос. Ён быў Яго слугою, быў Яго паслядоўнікам. Святой Канстанцін выканаў запаведзь Хрыстову: кожны, хто хоча ісці па мне, ды возмет свой крыж, і да мяне ідзе”.

Благачынны Шаркаўшчынскай акругі Пётр Бараноўскі прадставіў уладыку падлетка Аляксея, які сваімі рукамі змайстраваў дакладную копію царквы Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, якую з удзячнасцю прыняў у дар епіскап. Вернікам былі ўручаныя абразкі з абліччам святапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага.

Над стварэннем помніка-бюста святому Канстанціну працавалі чальцы Віцебскага саюза мастакоў архітэктар Валерый Рыбакоў, скульптары Іван Казак і Аляксандр Гвоздзікаў.

Іерэй Канстанцін Жданаў, сын святара, служыў у Стара-Шаркаўшчыне на пачатку XX стагоддзя настаяцелем Свята-Успенскім храма, менавіта ён узвёў на месцы струхлелага храма новую царкву, у якой сваімі рукамі ўкладваў пліткавую падлогу.

29 красавіка 1919 года у Дзісне прадстаўнікі новай, Савецкай, улады, запатрабавалі ад святара адрачэння ад веры. Адказам былі словы: «Што Бог пашле, то і буду цярпець», выбітыя сёння на помніке святому.

«Канваіры прымусілі святара выкапаць сабе магілу, пасля чаго кінулі яго туды жывым. Айцец Канстанцін пачаў прасіць іх не здзяйсняць грэх забойства. Аднак у адказ на ўгаворы яго сталі біць лапатай: перабілі галёнкі, адсеклі левую ступню. Потым забойцы спыталі святара, ці мае ён апошняе жаданне перад смерцю. Айцец Канстанцін сказаў, што хацеў бы памаліцца. Яму дазволілі. Праз некаторы час канваіры аглушылі айца Канстанціна ударам па галаве і потым закідалі зямлёй. Прыхаджане не адразу даведаліся пра смерць святара і ўсё яшчэ збіралі подпісы пад новай петыцыяй у яго абарону», – распавядаецца ў “Жыціі” святога.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі