Ці была ў ВКЛ, БНР і БССР свабода сумлення?

статут вкл3 мая адзначалася чарговая гадавіна прыняцця ў 1791 годзе першай Канстытуцыі ў Еўропе і другой у свеце – Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. У сувязі з гэтым КРЫНІЦА.INFO вырашыла паглядзець, як вышэйшыя заканадаўчыя акты дзяржаў, у якія ўваходзіла Беларусь з часоў Вялікага княства Літоўскага і да нашых дзён, рэгулявалі рэлігійныя адносіны.

Так, прывілей вялікага князя літоўскага Ягайлы ад 1387 года ў мэтах пашырэння веры i замацавання каталiцкай рэлiгii надаваў тым, хто прыме каталіцкую веру, «поўную i ўсякую магчымасць валодаць, трымаць, карыстацца, прадаваць, адчужаць, абменьваць, даваць, удараваць” сваёй маёмасцю, “свабодна выдаваць замуж свaix дачок i ўнучак, i жанчын, аб’яднаных з iмi кроўнасцю, i ўдоў, захоўваючы пры гэтым каталiцкi абрад”. Тым жа, “хто прыняўшы святую каталiцкую веру, ганебна ад яе адыйдзе, або хто будзе адмаўляцца прымаць яе”, забаранялася карыстацца якімі-небудзь вызначанымi правамi.

Прыняты ў 1413 годзе Гарадзельскі прывілей пашыраў правы каталіцкай шляхты і ўраўноваў яе з польскай. Паводле яго, ураднікамі маглі быць і земскія пасады атрымоўваць толькі каталіцкія вернікі. Толькі каталікі дапускаліся да рады з удзелам вялікага князя. Пры гэтым сваіх сваячніц яны маглі выдаваць замуж толькі за каталікоў, каб маёмасць не пераходзіла да іншаверцаў.

Троцкі прывілей  1434 года пашырыў усе правы, дадзеныя прывілеямі 1387 і 1413 гадоў феадалам, прыняўшым каталіцтва, на ўсіх феадалаў ВКЛ незалежна ад іх веравызнання. Разам з тым ён захоўваў параграф, што земскія пасады маглі займаць толькі каталікі (на практыцы гэты пункты не заўсёды выконваўся, бо, напрыклад, праваслаўны князь Канстанцін Астрожскі займаў найвышэйшыя пасады вялікага гетмана, кашталяна віленскага і ваяводы троцкага).

Статут 1529 года захоўваў усе ранейшыя прывілеі, выдадзеныя асобам каталіцкага і праваслаўнага веравызнання. Пры гэтым у дакуменце падкрэслівалася, што ён складзены, каб «адарыць хрысціянскімі законамі» жыхароў Вялікага княства. Ураўноўваючы ў правах «хрысціян грэцкага і лацінскага веравызнання», Статут разам з тым абмяжоўваў у правах юдэяў і мусульман, якія не маглі быць сведкамі па справах аб валоданні зямлёй, мець у нявольніках хрысціян (за выключэннем шэрагу выпадкаў). Адзначым, што сведкамі ў справах аб валоданні зямлёй маглі быць толькі хрысціяне, якія мелі добрую славу і штогод бывалі ў споведзі і прымалі прычасце.

У Статуце 1566 года вялікі князь абяцаў захаваць насельнікаў княства «пры свабодах і вольнасцях хрысціянскіх». Статут пастанаўляў, што суддзямі і сведкамі ў судах маглі быць толькі хрысціяне, у судах пра справы земскія і зямельныя – хрысціяне «Рымскага або Грэцкага закону», якія кожны год былі ў споведзі і прымалі прычасце. Дакумент яшчэ больш абмяжоўваў у правах юдэяў («жыдоў») і мусульман («татар і басурман»), якім да ўсяго прочага забаранялася займаць дзяржаўныя пасады. Ім таксама забаранялася пад пагрозай спалення пераводзіць хрысціян у сваю веру. Нянькамі іх дзяцей не маглі быць хрысціянкі, а хто б іх да таго намаўляў мусіў быць караны смерцю. Юдэям таксама ўводзіліся абмежаванні па вопратцы, перадусім упрыгожаннях.

Апошняя рэдакцыя Статуту за 1588 год таксама абапіралася на тое, чаму «права Божае і справядлівасць хрысціянская вучыць». Відавочна, пад уплывам пратэстантызму, ён ужо не патрабаваў ад сведкаў у судах аб зямлі быць у споведзі і прыймаць прычасце, толькі быць людзьмі «добрымі, багабойнымі, цнатлівымі (захоўвалі хрысціянскія дабразецелі – цноты) і ні ў чым не падазронымі». У справах, звязаных з зямельнай маёмасцю мусульман, дазвалялася прымаць удзел і ім, калі яны «добрыя, цнатлівыя і веры годныя». Што тычыцца гвалтаў у дачыненні да хрысціянскіх храмаў і могілак, то ў іх дачыненні не рабілася розніцы паміж іх канфесійнай прыналежнасцю. Гэта адносілася і да «духоўных асобаў усялякага набажэнства хрысціянскага». Дзеля захавання міжканфесійнага міру паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі ВКЛ у Статут быў унесены Акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года, які ўсталяваў падмуркі рэлігійнай верацярпімасці.

Судовыя справы сярод юдэяў і мусульманам мусілі разглядацца паводле іх законаў, у дачыненні іх з хрысціянамі ўводзіліся некаторыя абмежаванні. Пры пераходзе юдэяў у хрысціянства яны і іх нашчадкі адгэтуль мусілі разглядацца як шляхта.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 траўня 1791 года абвяшчала пануючай рэлігіяй рыма-каталіцкую веру, пры гэтым пераход з каталіцтва ў іншыя канфесіі быў забаронены. Тым не менш, усім іншым канфесіям у дзяржаве гарантаваліся мір і свабода.

Звод дзяржаўных законаў Расійскай імперыі, часткай якой пасля падзелаў Рэчы Паспалітай стала Беларусь, кадыфікаваны ў 1832 годзе і абноўлены ў 1906-м, абвяшчаў пануючай праваслаўную веру, а кіраўніком Царквы – імператара, які мог быць толькі праваслаўным. Свабода веры надавалася ўсім хрысціянам «замежных вызнанняў», юдэям, мусульманам і паганцам, якія славяць «Бога Усемагутнага рознымі мовамі па законе і вызнанні прабацькоў сваіх». Справамі Праваслаўнай Царквы кіраваў Святы Сінод, іншых хрысціянскіх канфесій – іх духоўныя ўлады і прызначаныя расійскім урадам органы. Хрысціянам забаранялася пераходзіць у нехрысціянскія веры, праваслаўным – выходзіць з праваслаўя. Дзейнічаў шэраг абмежаванняў пра пераход з аднаго «іншаслаўнага» веравызнання ў іншае, не мець ніякай веры забаранялася.

Другая Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі ад 9 сакавіка 1918 года абвяшчала «безумоўную вольнасць сумлення», а асноўныя законы абавязалася прыняць «не зважаючы на пол, народнасць і рэлігію”. Часовая канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі прадугледжвала дэлегацыю ў Раду БНР прадстаўнікоў беларускіх рэлігійных арганізацый, праваслаўнага і каталіцкага духавенства, у тым ліку 10 ад Менскага праваслаўнага брацтва, па 4 – ад Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці і Усебеларускага з’езду праваслаўнага духавенства. Прадугледжвалася, што да склікання Усебеларускага праваслаўнага з’езду прадстаўнікоў у Раду БНР дэлегуюць епархіяльныя рады, а рымска-каталіцкія катэдральныя капітулы на тэрыторыі Беларусі – “па адным прадстаўніку па сваім выбары”.

Канстытуцыі Савецкай Беларусі ў пытаннях свабоды сумлення ў многім былі ідэнтычныя паміж сабой. Яны абвяшчалі “дзеля забеспячэння за працоўнымі сапраўднай свабоды сумлення”, што Царква аддзяляецца ад дзяржавы і школа ад Царквы, а “свабода рэлігійнай і антырэлігійнай агітацыі прызнаецца за ўсімі грамадзянамі”. Пры гэтым канстытуцыі 1919 і 1927 гадоў надавалі прытулак усім замежнікам, якія падвергліся пераследу “за рэлігійныя злачынствы”, а канстытуцыя 1927 года сцвярджала, што “манахі і духоўныя служыцелі рэлігійных культаў усіх спавяданняў і плыняў” пазбаўленыя выбарчага права. Выкліканне варожасці і нянавісці ў сувязі з рэлігійнымі вераваннямі забаранялася толькі ў канстытуцыі 1978 года.

Дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 1994 года сцвярджае, што “рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам”. Паводле яе, узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Пры гэтым забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.

Таксама забараняецца ўстанаўленне ідэалогіі рэлігійных груп у якасці абавязковай для грамадзян, дзейнасць партый і аб’яднанняў, якія вядуць прапаганду рэлігійнай варожасці. Прадугледжваецца, што Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за рэлігійныя перакананні.

“Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам”, – гаворыцца ў Канстытуцыі.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі