Леанід Скарабагаты: Быць шматдзетным бацькам − крута!

2Пастар мінскай евангельскай царквы «Узнясенне», бацька дзевяці дзяцей, арганізатар фестывалю беларускай хрысціянскай творчасці «Каласы пад сярпом Тваім» Леанід Скарабагаты падзяліўся ў інтэрв’ю з карэспандэнтам КРЫНІЦА.INFO сакрэтамі сямейнага шчасця і дабраславеннага жыцця.

− Леанід, вы з’яўляецеся пастарам царквы, шматдзетным бацькам і арганізатарам творчага фестывалю. Скажыце, ці лёгка гэта сумяшчаць?

— Па-першае, адно другому не перашкаджае, а наадварот, дапамае. Па-другое, я не адзін, нас цэлая каманда.

− Цяжка жыць у наш час? Дзе вы чэрпаеце моц і натхненне?

— Калісьці ў маладосці мне прысніўся сон, у якім я пабачыў нібы месца супакою, дзе атрымліваюць ацаленне стомленыя людзі з душэўнымі ранамі. І ў гэтым месцы супакою іх раны зажываюць, яны ацаляюцца і атрымліваюць новыя сілы для новай перамогі. У мяне таксама ёсць такое месца супакою, дзе Гасподзь зажыўляе раны і дае новыя сілы.

− Шлях хрысціяніна суровы і цярністы. Раскажыце, а якім чынам вас Бог прывёў да пакаяння?

— Я не быў з дзяцінства веруючым. Нарадзіўся я і жыў пры Савецкім Саюзе. І пасля яго развалу, на пачатку 90-х гг., заняўся махінацыямі. З пункту гледжання закону быццам бы ўсё легальна, але па сутнасці гэты бізнес – падман, законны спосаб адбіраць грошы у насельніцтва. Мой заробак адразу падскочыў у некалькі разоў, але гэта працягвалася нядоўга. Праз некаторы час я пачаў заўважаць, што ў маім жыцці стала адбывацца штосьці нядобрае – пагоршылася здароўе, сям’я, зніклі сябры. Аднойчы ў сваёй паштовай скрыні я знайшоў пісьмо, адпраўленае з Чарнігава. Мне пісаў нейкі чалавек, якога я падмануў. Ён паведамляў, што ён калдун, і за мой падман ён наслаў на мяне зло. Стала зразумела, што адзінае месца, дзе мне могуць дапамагчы — гэта царква. У евангельскай царкве, куды я пайшоў, я убачыў, як людзі выходзяць да кафедры, каюцца ў сваіх грахах, і служыцель царквы чытае над імі малітву аб вызваленні ад ўсякага рода зла і пракляцця. Я разумеў, што гэта як раз тое, што мне зараз неабходна. Я выйшаў да кафедры, пакаяўся ў сваіх грахах, служыцель царквы прачытаў нада мной малітву вызвалення. Адбыўся цуд, і, як бы казачна гэта ні гучала, усё як рукой зняло: пракляцце сышло. Пасля цуду вызвалення, я стаў пастаянна хадзіць у царкву, праз некаторы час скончыў багаслоўскую школу, а пасля і багаслоўскую семінарыю. І зараз я сам служыцель царквы, і чытаю над грэшнікамі, якія раскаяліся, такую самую малітву, якая дапамагла ўратавацца мне шмат год таму назад.

−Колькі часу вы з’яўляецеся пастарам евангельскай царквы?

— Гэты год для мяне асаблівы: мне споўнілася пяцьдзесят гадоў і мяне рукапаклалі на пастарскае служэнне. Але да рукапакладання я некалькі гадоў быў у гэтым служэнні, выконваў абавязкі пастара. Для мяне гэта было такім выпрабаваннем перад важным рашэннем − прыняць адказнасць за царкву.

− З якімі цяжкасцямі вы ўжо паспелі сутыкнуцца ў пастарскім служэнні?

— Цяжкасці – мягка сказана. Ёсць сапраўднае бедства нашага часу, ахвярамі яго становяцца мноства беларусаў, часам не толькі сярод звычайных людзей, але і сярод веруючых. Патокі розных вераванняў накіроўваюцца ў розум людзей, і пускаюць там такія моцныя карані, што чалавек веруе ў іх, не звяртаючы ўвагу ні на якія факты і забываючыся на ўсякі здаровы сэнс. Пры гэтым нейкія ідэі становяцца першай запаведдзю ў законе, больш важнай, чым, напрыклад, 10 запавездзяў, ці нават чым найбольшая хрысціянская запаведзь любові да Бога і да бліжняга. Людзі веруюць у свае ідэі зацята, сляпая вера. Канфлікты ў сем’ях, на працы, канфлікты пакаленняў – блізкія людзі становяцца непрымірымымі ворагамі з-за такіх рэчаў, якія быццам бы зусім сэнсу не маюць. У грамадстве гэта праблема распаўсюджваецца павальна, а таксама часткова пранікае і ў Царкву. Царква на жаль не аказалася гатовая да інфармацыйнай вайны.

− На Ваш погляд, якой павінна быць Царква апошніх дзён?

— На гэтае пытанне хачу адказаць вершам з Бібліі: «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». Таму, па-першае, у царкве павінна быць шчырая любоў да свайго бліжняга. 

Па-другое, трэба ўлічваць і такі фактар, што ў Царквы Хрыстовай ёсць вораг, які дзейнічае па прынцыпе «падзяляй і пануй». Святы Павел казаў, што калі мы адзін аднаго ўгрызаем і душым, то будзем знішчаныя. Складана будзе выжыць цэрквам апошніх дзён, калі яны не знойдуць згоду паміж сабой.

− Вы з’яўляецеся заснавальнікам творчага фестывалю «Каласы пад сярпом Тваім». Расскажыце больш падрабязна аб гэтым фестывалі.

— «Каласы пад сярпом Тваім» — гэта фестываль беларускай хрысціянскай творчасці і адначасова гэта праграма падтрымкі таленавітых дзяцей са шмадзетных і прыёмных сем’яў.

Традыцыйна вясной адбывецца адкрыццё фестывалю, пасля на працягу ўсяго лета арганізуюцца розныя творчыя выезды ды іншыя мерапрыемствы, дзеці рыхтуюць свае творчыя работы на конкурс. Адначасова працы ўдзельннікаў змяшчаюцца на сайце zolak.org, там жа арганізуецца анлайн-галасаванне, вызначаюцца лаўрэаты конкурсу. На фінальным канцэрце, які адбываецца ўвосень, лаўрэаты ўнагароджваюцца прызамі і дыпломамі. Лепшых удзельнікаў запрашаюць на розныя паездкі, творчыя вандроўкі і выставы. Зараз, напрыклад, мы атрымалі запрашэнне ў паездку па Эстоніі. У фестываля ёсць тры мэты: першая — гэта падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі з прыёмных і шмадзетных сем’яў, другая — папулярызаванне хрысціянскай творчасці, і трэцяя – гэта падтрымка менавіта БЕЛАРУСКАЙ хрысціянскай творчасці.

І ўдзельнікаў, і журы і арганізатараў фестывалю аб’ядноўвае адна ідэя − духоўнае жніво, дзе галоўным ёсць любоў да Госпада Бога, любоў да бліжняга, да свайго роднага краю, народа, мовы і сваёй культуры и традыцый.

− Леанід, вы маеце выдатную жонку і дзевяць цудоўных дзетак. Скажыце, ці лёгка быць шматдзетным бацькам?

— Быць шматдзетным бацькам − рэальна крута. Ажаніўся я ў 22 гады і на дадзены момант у нас з Алай чатыры хлопчыкі і пяць дзяўчынак. Вы спытаеце, чым крута? Я раскажу. Па-першае, дзеці ў сям’і дапамагаюць заўсёды заставацца маладым. Хто не хацеў бы жыць з вечна маладой жанчынай? (усміхаецца) Акрамя таго, ў шматдзетнай сям’і не бывае сумна, заўсёды весела.

А калі сур’ёзна, то ніхто з мужчын не хоча быць няўдачнікам, сапраўдны мужчына заўсёды імкнецца нечага дасягнуць, заваяваць сусвет. Дык вось, шматдзетная сям’я – гэта заўсёды экспансія, рух наперад, перамога над абставінамі. Ёсць шмат чаго, што не раскажаш для прэсы – гэта ведае толькі сям’я, і гэтага дастаткова. На самой справе, шматдзетная сям’я – гэта сапраўды крута. Для жанчын у шматдзетнай сям’і таксама ёсць кайф, ды яшчэ які! Але пра гэта хай Ала сама раскажа.

− Якая павінна быць мадэль правільнай сям’і?

— Правільная – не зусім прыгожае слова, лепей сказаць – гарманічная сям’я. Гармонія – гэта калі і дарослыя, і дзеці адчуваюць сябе камфортна (у першую чаргу ў маральным плане). Як дасягнуць гармоніі? Як гэта ні банальна, сям’я толькі ў тым выпадку будзе гарманічнай, калі ў ёй ёсць любоў. Таксама, на мой погляд, гармонія магчыма толькі ў традыцыйнай, патрыярхальнай сям’і, калі жанчына адчувае сябе за мужам, як за сцяной (жанчыны зразумеюць, пра што размова). Складана дасягнуць гармоніі ў разбалансаванай сям’і, дзе не вызначаныя сацыяльныя ролі, дзе невядома, хто за што адказвае, і чаго трэба чакаць. Ці абавязкова для гармоніі жыць багата? З аднаго боку, не пашкодзіць, але… Зараз, дзякуй Богу, мы жывём у дастатку, але былі часы і нястачы, калі нам з дзецьмі не было чаго есці. Але тым не менш, хлеб надзённы Бог даваў нам кожны дзець. З часам я разумею, што калі ў сям’і вырашаныя ўнутраныя праблемы, то знешнія цяжкасці толькі яднаюць сям’ю. Таму і за цяжкасці мы таксама дзякуем Госпаду Богу.

− У апошні час многія сямейныя саюзы распадаюцца, не паспеўшы сфармавацца. Як пазбегнуць рознагалоссяў у сям’ях?

— Вельмі лёгка. Адзін разумны чалавек яшчэ ў маладосці навучыў мяне аднаму простаму правілу: каб сям’я была гарманічнай трэба праводзіць разам мінімум семнаццаць гадзін у тыдзень. Я ўзяў сабе гэта, як за правіла: праводзіць, як мага больш часу разам з сям’ёй. Таму зараз, напрыклад, у нас ёсць шмат агульных справаў: разам служыць у царкве, разам арганізоўваць фестывалі і конкурсы, разам ездзіць у паездкі, разам зарабляць грошы, разам іх дзяліць, разам працаваць, разам адпачываць. Займацца агульнай справай разам са сваёй каханай і дзецьмі – у гэтым ёсць рамантыка, я б сказаў. Усё жыццё, у такім выпадку, як цікавая прыгода, захапляльнае падарожжа.

− Чым вы кіруецеся ў сваім жыцці. Ці ёсць у вас жыццёвы дэвіз?

— У нас з Алай сапраўды ёсць такі дэвіз, яго мы прыдумалі самі: мы імкнемся жыць, як у Эдэмскім садзе і імкнёмся як мага больш людзей прывесці ў гэты Эдемскі сад.

− Леанід, вы шмат прайшлі ў сваім жыцці. На падставе свайго вопыту скажыце, якіх прынцыпаў павінен прытрымлівацца хрысціянін, каб яго жыццё было плённым?

— Насамрэч, у нашай сям’і ёсць цэлы Маральны Закон, якога мы стараемся прытрымлівацца, і прынцыпаў у ім каля 20. Палова з іх – пра нашыя адносіны да сваёй справы, другая палова – пра нашыя адносіны паміж сабой. Адным з гэтых прынцыпаў я хацеў бы падзяліцца. Гэта запаведзь з Паслання Св. Пятра 2:21 (у перакладзе на звычайную мову) — «У выпадку любых сумненняў паступайце правільна, незалежна ад таго, які кошт прыйдзецца за гэта заплаціць». Гэтага правіла я прытрымліваюся каля 15 гадоў, і вельмі рады, бо яно зберагло мяне ад многіх непрыемнасцяў.

На дадзены момант, якія мэты пастаўлены перад вамі ў служэнні?

— Аднойчы я пачуў цікавую гісторыю аб водным спорце − сёрфінгу. Калі чалавек ідзе ў школу сёрфінга, там яго навучаць правільна стаяць на дошцы, навучаць лавіць хвалю і трымацца на ёй, каб не зваліцца ў ваду. Але ў ніякай школе не навучаць чалавека, як стварыць хвалю. Хваля існуе сама па сабе, і людзі не могуць яе падняць. Так і з дзеяннем Госпада Бога на нашай зямлі. Мы не можам неяк самі стварыць дзеянне Сілы Божай: Ён дзейнічае ў розныя часы па-рознаму. Але мы можам убачыць дзеянне Божай хвалі і рухацца разам з ёй. У гэтым і ёсць сутнасць нашага служэння.

− Леанід, чаму Вы вырашылі стаць служыцелем царквы?

— Ёсць даўняе прароцтва аб тым, што прыйдзе дзень, калі ўсе людзі ўбачаць розніцу паміж тым, хто служыць Госпаду, і хто не служыць Яму. Каля 20 гадоў таму назад я убачыў гэтую розніцу. Было так: машына, на якой ехалі браты, патрапіла ў аварыю, і адзін з іх (служыцель царквы) моцна ўдарыўся. Прыехала «Хуткая дапамога», доктар паглядзеў і канстатаваўшы смерць, адмовіўся яго браць. Але браты ўсё ж такі прымусілі доктара ўзяць пацярпелага і адвезці ў лякарню. Праз тыдзень ці два я сустрэў гэтага брата ў царкве. «Трохі пабольвае галава», — сказаў ён. Разумееце? Чалавек, якога тыдзень таму назад адмовілася забіраць «Хуткая дапамога», бо ён мёртвы, сёння кажа, што яму «трохі пабольвае галава»! У гэтым здарэнні я тады ўбачыў розніцу – гэты чалавек быў служыцелем Царквы Божай. Зараз у сваім жыцці я кожны дзень бачу розніцу паміж тым, хто служыць Богу, і хто не служыць.

Быў таксама яшчэ адзін матыў, асабісты. Калі мы з Алай толькі пачалі хадзіць у царкву, у нас нарадзіўся сын. Наша каляска стаяла на калідоры ў пад’ездзе, бо ў кватэры месца зусім не было. Каляску скралі. Тады мы зноў набылі новую каляску і яе напаткаў такі самы лёс. Праз некаторы час мы набылі трэцюю каляску, але і яе скралі. І тады я прыняў такое рашэнне: зрабіць усё магчымае, каб у маім пад’ездзе больш ніколі не кралі каляскі, не палілі, ну і не пілі. Я пачаў размаўляць з суседзямі, маліцца з імі, чытаць ім Святое Пісанне, і расказваць ім, што такое грэх, зло і дабро. Больш нашу каляску ўжо ніхто не чапаў, а курыльшчыкаў у нашым пад’ездзе зараз няма. Гэта прыклад таго, што пропаведзь Евангелля не толькі дапамагае грэшнікам у выратаванні душ, але й можа мяняць крымінальную сітуацыю ў краіне.

− У двух словах ваша пажаданне для хрысціян…

— Вучэнне Хрыста на самой справе з’яўляецца вельмі простым: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, рабі дабро і ўдаляйся ад зла, − чаго я жадаю і ўсім вернікам. Калі мы ўсе будзем жыць па гэтым правіле, то і краіна наша будзе квітнець, і мы самі будзем задаволеныя.

Падрыхтавала Эльвіра Гарошка, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі