Сляды вайны: Бабуля Афанасьевай выратавала жыццё разведчыцы, а дзед Харанекі штурмаваў Берлін

вайнаЯк падчас Другой сусветнай вайны змагаліся за жыцці блізкіх і Вялікую Перамогу сваякі вядомых беларусаў?

Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі КРЫНІЦА.INFO адшукала дадзеныя аб патрыятычным мінулым родных і блізкіх акцёра тэатра і кіно Дзмітрыя Мухіна, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай, экс-саліста групы «Новы Іерусалім» Аляксандра Патліса, шматразовага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінэса Вячаслава Харанэкі, спевака і музыканта Пятра Ялфімава, а таксама спевака Славы Нагорнага.

«Усе мае цяперашнія ўяўленні аб Другой сусветнай вайне сфармавалася яшчэ ў дзіцячыя гады пад уражаннем ад шматлікіх гісторый, якія распавядаў дзед, удзельнік гэтай вайны, Якаўлеў Пётр Васільевіч», – успамінае беларускі акцёр тэатра і кіно Дзмітрый Мухін. Паводле яго слоў, Пётр Васільевіч у складзе конніцы, якая цягнула гаўбіцу, дайшоў з баямі да Кёнігсберга. Там ён атрымаў раненне ў галаву і быў перапраўлены ў шпіталь. На гэтым этапе вайна для дзядулі акцёра скончылася.

«Як часта жартаваў сам дзядуля, сцяг над будынкам Рэйхстага ўзняў не ён. Тым не менш, у дзеда было шмат ордэнаў, да якіх ён ніколі не ставіўся сур’ёзна. Лічыў, што гэта ўсяго толькі бляшанкі, а сапраўдная ўзнагарода за неймаверную адвагу і пачуццё абавязку перад Бацькаўшчынай, якое ён з паплечнікамі абараняў, – гэта перамога!» – дадаў акцёр і ўдакладніў, што дадатак пра «неймаверную адвагу» – асабіста ад яго. Сам дзядуля ніколі бы сам сабе такое не сказаў…

У электронным банку дакументаў удзельнікаў Другой сусветнай вайны «Подзвіг народа» (podvig-naroda.ru), куды з розных крыніц сцякаецца інфармацыя пра баявыя заслугі людзей, якія ваявалі на баку Савецкага Саюза, знайшлася інфармацыя і аб службе Пятра Васільевіча ў ПСЧА.

Пётр Якаўлеў, па інфармацыі рэсурсу, нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Туркоўская слабада Магілёўскай вобласці. За адважную службу ён у ліку іншага быў узнагароджаны ў траўні 1945 года медалём «За баявыя заслугі».

У баі падчас атакі на гармату Пётр Васільевіч агнём з асабістай зброі забіў двух нямецкіх салдат, падчас маршу – паланіў трох нямецкіх салдат.

filterimage (1)

А вось праламленныя вайной лёсы сваякоў беларускага спевака і музыканта Пятра Ялфімава апынуліся цалкам непадобнымі адзін на аднаго. Паводле яго слоў, прадзядуля па матчынай лініі Пётр Пухоўскі загінуў на фронце ў 1942 годзе, а пахаваны быў на тэрыторыі Варшаўскага ваяводства. Дзядуля спевака па матчынай лініі Генадзь Іосіфавіч Бровік у пяцігадовым узросце апынуўся на тэрыторыі Германіі ў лагеры для ваеннапалонных. Затым яму ўдалося вызваліцца і вярнуцца на радзіму, у Беларусь. Дзядуля музыканта па лініі бацькі, Ялфімаў Іван Іванавіч, ваяваў на фронце ў складзе Чырвонай арміі і быў узнагароджаны за адвагу.

Паводле інфармацыі з электроннага банка даных, сяржант Ялфімаў Іван Іванавіч нарадзіўся ў Варонежы і ўдзельнічаў у баях на 2-ім Беларускім фронце, дзе атрымаў раненне.

З сакавіка 1944 года Іван Іванавіч паступіў на службу ў I роту, 90 Асобны батальён, у якасці шафера. А ў 1945 годзе ён быў узнагароджаны медалём «За адвагу» – шафёр забяспечыў хуткае перамяшчэнне матэрыяльнай часткі сувязі і асабістага складу пры разгортванні роты на тэрыторыі Усходняй Прусіі.

filterimage

Дзядуля неаднаразовага чэмпіёна свету, Еўропы, Беларусі па гіравым спорце, заслужанага майстра спорту і акцёра кіно Вячаслава Харанекі Васіль Васільевіч Прыступка, ураджэнец вёскі Прыступкі Магілёўскай вобласці, першапачаткова змагаўся з нямецкімі акупантамі ў складзе партызанскага атрада. «Вёску акупавалі немцы, і сям’і з чатырма дзецьмі, сярод якіх была і мая маці, прыйшлося жыць у хляве. Дом быў заняты акупантамі», – успамінае спартсмен.

Пасля з’яўлення ў вёсцы штурмавога атрада СС, Васіль Прыступка здолеў схаваць сваю сям’ю ў лесе, а сам падаўся ў партызаны. Праз некаторы час ён уступіў у рэгулярныя войскі Чырвонай арміі, і прайшоў у яе складзе няпросты шлях ад Беларусі да самага Берліна, атрымаўшы званне сяржанта.

За праяўленую адвагу Васіль Васільевіч быў узнагароджаны трыма ордэнамі, у тым ліку ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, а таксама атрымаў каля дзесяці медалёў – «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна» і г.д.

«На вайне дзядуля атрымаў сур’ёзныя раненні, і таму да канца жыцця ў яго фактычна не працавалі адна рука і нага», – распавёў Вячаслаў Харанека. Спартсмен дадаў, што траўмы не перашкодзілі Васілю Васільевічу працягваць весці актыўны лад жыцця, шмат рухацца, працаваць і заставацца шчаслівым чалавекам.

«Дзядулева стаўленне да жыцця заўсёды з’яўлялася для мяне прыкладам. Ён вучыў, што як бы цяжка ні было ў жыцці, чалавек абавязаны знаходзіць у сабе сілы адольваюць цяжкасці…», – дадаў спартсмен і ўдакладніў, што вера ў сябе – аснова ўсяго. «Падчас вайны ўсе разбуралася, людзі цярпелі нягоды, а перамагчы ім дапамагла менавіта вера ў перамогу», – сказаў Вячаслаў Харанека.

Дзень Перамогі, па перакананні беларускага гіравіка, – святое свята. «Я паспрабаваў ўнесці ў яго і свой маленькі ўклад», – дадаў Вячаслаў Харанека. У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі 7 мая спартсмен усталяваў новы сусветны рэкорд. Ён падняў за тры хвіліны 16-кілаграмовую гіру 193 разы. Рэкорд стаў 142-м у скарбонцы асілка.

Спявачка Іна Афанасьева ў сваю чаргу распавяла, што захавала толькі адрывістыя дзіцячыя ўспаміны ад гісторый пра нягоды і пазбаўленні вайны, якія распавядалі сваякі.

Па словах артысткі, больш за ўсё ёй запомніўся бабулін аповяд пра тое, як была выратавана руская разведчыца. «Жанчына спрабавала непрыкметна перайсці праз лінію фронту, але была схопленая немцамі. Нейкі час знаходзілася ў палоне на тэрыторыі акупаванай захопнікамі вёскі ў Шклоўскім раёне, дзе і жыла мая бабуля», – распавяла спявачка. У рэшце рэшт, разведчыца змагла збегчы з палону і бабуля некаторы час дапамагала ёй хавацца, а затым пераправіла да партызанаў. Па словах Іны Афанасьевай, доўгі час ніхто дакладна не ведаў, ці атрымалася жанчыне выратавацца, але ў пачатку 50-ых гадоў яна дала ведаць пра сябе, наведаўшы сваю ўратавальніцу.

Экс-саліст групы «Новы Іерусалім» Аляксандр Патліс адзначае, што самыя яскравыя асацыяцыі з Другой сусветнай выклікалі апавяданні маці ягонай жонкі, якая тады была яшчэ зусім дзіцем. «Успамінаюцца апавяданні пра тое, як нямецкія самалёты бамбілі вёску пад Слуцкам, дзе жыла цешча, тады яшчэ пяцігадовая дзяўчынка. Разам з двухгадовым братам яна была ў полі…», – распавядае Аляксандр Патліс. Дзяўчынка, вядома ж, была жудасна напалоханая, але ўсё ж не кінула хлопчыка і жывёл, якія былі з імі на пашы. Яна бегла з поля з усіх сіл, каб схавацца ў лесе. Але пры гэтым яна моцна трымала за руку браціка, а перад сабой гнала карову і парсюка. «Вайна – страшная трагедыя. Майму дзіцяці зараз 2,5 гады, і мне балюча думаць пра тое, што на вайне ён мог загінуць у такім далікатным веку ад варожай кулі або ад голаду», – сказаў Аляксандр Патліс.

Прадзядуля спевака Славы Нагорнага Іван Гаўрылавіч Бурчук далучыўся да Чырвонай арміі, калі партызанскі атрад, у складзе якога ён быў, распаўся. «Ужо потым нам даслалі паведамленне аб тым, што дзядуля гераічна загінуў пры фарсіраванні Одры», – успамінае спявак. Іншаму дзядулі спевака пашанцавала больш – ён не ваяваў і змог перажыць вайну. «Дзед скончыў дзевяць класаў польскай школы і лічыўся вельмі пісьменным. Быў запрошаны ў нейкую ваенную адукацыйную ўстанову, дзе навучаў салдат, якія мелі намер сысці на фронт», – распавёў Слава Нагорны. Бабуля спевака падчас вайны знаходзілася ў партызанскім атрадзе. «Яна шмат распавядала пра нягоды і пазбаўленні ваеннага часу, часам невыносна страшныя. Напрыклад, аднойчы маленькі хлопчык прыцягнуў у зямлянку, дзе жыла бабуля, міну. Дзіця не разумела, якую небяспеку тоіць у сабе снарад. На шчасце, усё абышлося», – падзяліўся ўспамінамі Слава Нагорны.

Марыя Дзмітрыева

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі