Беларусь пазычыць у Кітая 7 млрд даляраў

 dollar Кітай збіраецца пракрэдытаваць Беларусь на 7 млрд даляраў. З іх 3 млрд складзе льготнае крэдытаванне і 4 млрд камерцыйных крэдытаў атрымаюць банкі краіны для фінансавання праектаў бізнесу.

Лічбу пацвердзіў 11 мая міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі. Падчас беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму у Мінску  ён паведаміў журналістам, што да 7 млрд крэдытаў варта дадаць яшчэ і 800 млн юаняў тэхнічнай дапамогі, якую Кітай будзе штогод пастаўляць Беларусі, як аб тым заявіў 10 мая кітайскі лідар.

Тэхнічная дапамога беларусам ад кітайцаў патрэбна ў сферы жыллёвага будаўніцтва і сацыяльных праектаў. Крэдыты ж будуць выкарыстоўвацца для рэалізацыі інфраструктурных праектаў, развіцця малога і сярэдняга бізнесу.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў 11 мая аб шасці крэдытных пагадненнях Беларусі з Эксімбанкам Кітая на суму больш за 1 млрд даляраў. Да гэтага варта дадаць дагавор аб камерцыйным крэдытаванні праектаў БЧ на суму больш за 175 млн даляраў і рамачнае пагадненне паміж БЧ і Эксімбанкам Кітая аб выдзяленні крэдыту на суму да 500 млн даляраў пад гарантыі ўрада.

Сярод згаданых шасці пагадненняў прэм’ер назваў дамоўленасць аб прыцягненні ільготных крэдытаў для фінансавання будаўніцтва ўнутранай інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку і будаўніцтва завода СЗАТ “БелДжы”.

Па звестках кіраўніка беларускага ўрада, паміж Эксімбанкам Кітая і Беларуссю зараз працуюць 17 крэдытных пагадненняў больш чым на 4 млрд долараў, з якіх асвоена больш за 3 млрд долараў. Па ацэнцы Кабякова, на долю Эксімбанка КНР прыходзіцца 83% усяго фінансавання кітайскім бокам сумесных беларуска-кітайскіх праектаў на тэрыторыі Беларусі.

Прэм’ер-міністр таксама растлумачыў, што раней Беларусь звярнулася ў Міністэрства камерцыі КНР з прапановамі даць 7 млрд новых крэдытаў на фінансаванне сумесных праектаў. І 10 мая менавіта гэтыя аб’ёмы пацвердзіў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Верагодней за ўсё Эксімбанк КНР будзе прызначаны галоўным аператарам новых крэдытаў.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што сумесныя ініцыятывы з банкам з’яўляюцца ўвасабленнем канцэпцыі адраджэння Шаўковага шляху і адказваюць мэтам развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. У рамках гэтай канцэпцыі варта разглядаць ствараемы пад Мінскам Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Беларускі ўрад разлічвае на кітайскія тэхналогіі і абсталяванне, якія прадстаўляюцца ў рамках экспартнага крэдытавання для тэхналагічнага перааснашчэння прадпрыемстваў і стварэння сучасных вытворчасцей.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі