БКК і “Сінахем Груп” дамовіліся аб пастаўках калійных угнаенняў на 5 гадоў

фота belta.by
Лю Дэшу і Алена Кудравец пасля падпісання мемарандума, фота belta.by

Эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаенняў “Беларуская калійная кампанія” (БКК) і найбуйнейшая вытворча-гандлёвая кампанія Кітая ў сферы хімікатаў і ўгнаенняў “Сінахем Груп” падпісалі 10 мая мемарандум аб супрацоўніцтве на 2015 – 2019 гады.

Бакі ўзялі на сябе абавязацельствы па продажы і куплі 4 млн т. беларускіх калійных угнаенняў на працягу 5 гадоў. Лічба ўключае цвёрдыя і апцыённыя аб’ёмы, паведамляе афіцыйны сайт БКК belpc.by.

У існуючых цэнах кошт пастаўкі складае каля $ 1,3 млрд, пры гэтым канкрэтная цана будзе абмяркоўвацца дадаткова.

Генеральны дырэктар ААТ “Беларуская калійная кампанія” Алена Кудравец ўпэўненая, што для БКК падпісанне мемарандума азначае магчымасць захаваць лідыруючы статус на рынку КНР.

У сваю чаргу старшыня Савета дырэктараў “Сінахем Груп” Лю Дэшу падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма кампаніямі доўгатэрміновае, сяброўскае і стратэгічна значнае, і кампаніі ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго па рынках і пастаўках прадукцыі.

Раней БКК першай з пастаўшчыкоў калійных угнаенняў на рынак Кітая ў 2015 годзе дамовілася аб пастаўках па цане 315 даляраў за тону, што на 10 даляраў вышэй цаны 2014 года. Гэты кантракт, паводле ацэнак прадстаўнікоў кампаніі, спрыяў актывізацыі рынку і ўстойліваму росту коштаў.

“Беларуская калійная кампанія” заснавана ў верасні 2013 года для прасоўвання беларускіх калійных угнаенняў на знешніх рынках па ўсім свеце. “Сінахем Груп” заснавана ў 1950 годзе і з’яўляецца адным іх гандлёвых гігантаў Кітая, вырабляе і рэалізуе хімікаты і ўгнаенні, займаецца выведкай і здабычай нафты.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі