Фестываль сям’і працягне сваю працу 16-17 мая ў Мінску

 festival_1 Масавае свята «Фестываль сям’і» працягне сваю працу 16-17 траўня ў Цэнтральным дзіцячым парку Мінска (парку Горкага). Першыя фестывальныя дні 9 і 10 мая прыцягнулі вялікую ўвагу адпачываючых.

Ідэя арганізатараў — даць магчымасць адпачыць ўсёй сям’ёй на свежым паветры — знайшла водгук у мінчан і гасцей горада, якія вырашылі правесці выходныя і святы ў самым вядомым парку Мінска, было людна на ўсе тэматычных «станцыях» фестывалю, а канцэртную праграму на галоўнай эстрадзе парку прыйшлі паглядзець і паслухаць сотні гледачоў.

На ўваходзе парку былі арганізаваны розныя забаўляльныя «станцыі»: спартыўная, ручныя вырабы, аквагрым, прыгажосці (можна было зрабіць макіяж і заплесці прыгожыя касічкі), здароўя, фотавастравок (дзе можна было зрабіць прафесійнае фота), «Скрынка лёсу», у якіх змог прыняць удзел любы жадаючы. Аматараў актыўнага адпачынку чакалі спартыўныя эстафеты, слек-лайн (хаджэнне па канаце), тачрегбі і флорболл.

Канцэртныя нумары і цёплыя словы для наведвальнікаў фестывалю падрыхтавалі вядомыя беларускія выканаўцы і калектывы, сярод якіх Аляксандр Патліс, ансамбль народнай музыкі «Радаўніца», рок-групы «Нутекі» і «Спасение» і многія іншыя. У праграме таксама былі танцавальныя майстар-класы, сілавое шоў, тэатралізаваныя паказы, сямейныя гульні і конкурсы, клоўны і інш. Некаторыя майстры сцэны ўжо выступілі, а іншыя прызапасілі свае падарункі гледачам для выступаў 16 і 17 траўня.

У першы дзень працы фестывалю 9 мая арганізатары асабліва ўшанавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з нагоды Дня Перамогі, уручыўшы ім падарункі.

Чакаецца, што 16 і 17 мая будзе яшчэ больш прызоў і падарункаў для ўсіх наведвальнікаў і ўдзельнікаў фестывалю.

«Фестываль сям’і» — гэта сацыяльна-дабрачынная праграма мерапрыемстваў для жыхароў і гасцей горада, выдатная магчымасць адпачыць ўсёй сям’ёй, правесці разам час у парку, паўдзельнічаць у розных конкурсах і забавах, паглядзець і паслухаць цудоўную канцэртную праграму. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня сем’яў. Масавае свята праводзіцца ўжо другі раз. У мінулым годзе яго наведала 10 тыс чалавек.

Спонсарамі мерапрыемства сталі кампаніі «Fit Curves», «Nuga Best», «Free style», «Пратэра-жывая вада», «Арыфлэйм». Інфармацыйную падтрымку фестывалю аказваюць парталы afisha.tut.by, relax.by, krynitsa.info.

Анатоль Шырвель, КРЫНІЦА.INFO, фота Ягора Прыстаўкі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі