У Жыровічах пачалася міжнародная канферэнцыя пра Хрышчэнне Русі

pavvМіжнародная навуковая канферэнцыя «Святы князь Уладзімір і Хрышчэнне Русі: цывілізацыйны выбар ўсходнеславянскага свету» пачалася ў Жыровічах 14 траўня.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь, Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірыла Тураўскага, Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. У двухдзённым форуме прымаюць удзел прадстаўнікі вышэйшых навучальных установаў Беларусі, Расіі і Украіны, паведамляе church.by.

Канферэнцыя адкрылася набажэнствам у Трохсвяціцельскім дамовым храме Мінскай духоўнай семінарыі, якое ўзначаліў рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) у саслужэнні удзельнікаў канферэнцыі ў святарскім сане. За набажэнствам маліліся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый.

Удзел ў адкрыцці канферэнцыі ўзялі Упаўнаважаны па справах рэлігяў і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

У прывітальным слове мітрапаліт Павел падкрэсліў, што выбар веры роўнаапостальным князем Уладзімірам быў не толькі пытаннем асабістага рэлігійнага жыцця князя, але рашэннем, якое вызначыла наступнае рэлігійнае, культурнае і гістарычнае развіццё ўсходнеславянскага народа.

Падчас пленарнага пасяджэння з дакладамі выступілі выкладчыкі Мінскай духоўнай акадэміі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Маскоўскага гарадскога педагагічнага універсітэта, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Праца канферэнцыі працягнулася круглым сталом «Святы роўнаапостальны князь Уладзімір: гістарычная і духоўная місія ў кантэксце культурагенэза ўсходнеславянскага свету» і паседжаннямі секцыяў «Хрышчэнне Русі і роля хрысціянства ў гістарычных лёсах ўсходнеславянскай цывілізацыі» і «Усходнеславянскі свет і выклікі сучаснасці».

Працягнецца праца канферэнцыі на базе Нацыянальнай акадэміі навук.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі