У мінскім мікрараёне Сухарава з’явілася каталіцкая святыня

suharavaКапліцу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мінскім мікрараёне Сухарава 16 траўня асвяціў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Капліца належыць маладой парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якой апякуюцца айцы марыяне і сёстры ўршулянкі і пры якой дзейнічае «Эўхарыстычны рух маладых у Беларусі».

Удзел у Святой Імшы ўзялі асістэнтка Маці Генеральнай сясцёр уршулянак с. Аляксандра Кмець, якая прывезла ў дар парафіянам рэліквіі заснавальніцы супольнасці святой Уршулі Ледухоўскай, а таксама загадчыца сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Ала Мартынава, паведамляе catholic.by.

Звяртаючыся да вернікаў у гаміліі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў: «Сёння да чатырох дзейнічаючых мінскіх касцёлаў і пяці капліцаў далучаецца яшчэ адна — у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам, у сталіцы Беларусі з сённяшняга дня будзе дзесяць належачых Касцёлу месцаў, дзе абвяшчаецца Божае слова”.

Таксама да вернікаў звярнуўся правінцыял марыянаў а. Павел Наўмовіч МІС, які адзначыў: “Сухарава мае цяпер духоўнае сэрца. Вы яго сэрца! Вы, як сэрца, якое па ўсім арганізме пульсуе і даносіць кроў да кожнай клеткі, павінны даносіць Бога ў гэты раён, у гэты горад».

Напрыканцы ўрачыстасці парафіяне Дзмітрый і Алена Матысы, бацькі чатырох дзяцей, ападалі, якое месца парафіяльнае жыццё займае ў іх жыцці на працягу сямейнага жыцця.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі