Адмова БХД ўдзельнічаць у выбарах не перашкодзіць ёй правесці кампанію

Беларуская хрысціянская дэмакратыя адмовілася прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах-2015. БХД, у прыватнасці, не плануе вылучаць свайго кандыдата, а таксама не стане падтрымліваць іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі.

У той жа час хрысціянскія дэмакраты заяўляюць аб сваёй гатоўнасці ўзаемадзейнічаць з дэмакратычнымі сіламі, якія блізкія з імі па поглядах і каштоўнасцях. Пра гэта 16 тращня па выніках пасяджэння дамовіліся члены Нацыянальнай Рады аргкамітэта БХД, паведамляе прэс-служба партыі.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ў Беларусі свабодныя і справядлівыя выбары не праводзяцца. Спікер падкрэсліў, што за апошнія 20 гадоў дзякуючы намаганням уладаў стала фактычна немагчымай праца незалежных прафсаюзаў, знікла незалежная судовая сістэма.

Віталь Рымашэўскі дадаў, што прыгнёт ўлады ў цяперашні час накіраваны не столькі на апазіцыю, колькі на беларускі народ. Пра гэта сведчаць апошнія падзеі, у тым ліку ўвядзенне падатку «на дармаедства», ціск, які ўплывае на працоўных і прадстаўнікоў бізнесу.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец у сваю чаргу дадаў, што партыя не будзе прымаць удзел у выбарах, паколькі ўдзельнічаць у тым, чаго няма, немагчыма.

У той жа час, адзначыў сустаршыня, будзе арганізавана кампанія БХД у падтрымку палітвязняў, у тым ліку Мікалая Статкевіча. Пройдзе масавы збор подпісаў, будзе прэзентаваная праграмная альтэрнатыва «Урад для народа».

Кампанія партыі БХД у 2015 годзе будзе грунтавацца, у тым ліку на ініцыятывах, накіраваных на рэформу сферы аховы здароўя, таксама будзе прадстаўлен «Урад для народа», які будзе прапаноўваць рэформы ў сферах ЖКГ, адукацыі, абароны, а таксама па сямі іншых напрамках.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі