Беларускія ўлады патрабуюць выдачы святара – капелана АТО

gorbУ беларускіх мас-медыя з’явілася інфармацыя аб тым, што Беларусь патрабуе экстрадыцыі святара УПЦ КП з Украіны, грамадзяніна Беларусі, карэннага мінчука а. Сяргея Горбіка, які ў дадзены момант знаходзіцца пад хатнім арыштам згодна з рашэннем раённага суда Львова. Прычынай патрабавання экстрадыцыі протаіерэя УПЦ КП і кіраўніка прэс-цэнтра Хмяльніцкай епархіі Сяргея Нехамеса (Горбіка) завецца махлярства.

З просьбай пракаментаваць сітуацыю да а. Сяргея Горбіка звярнуўся карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO.

На думку а. Сяргея, палітычная матывацыя дзеянняў беларускіх уладаў відавочная. Святар не хавае крытычнага да іх стаўлення ў публіцыстычнай дзейнасці, а таксама з’яўляецца капеланам дабраахвотніцкага Грамадзянскага фарміравання «Падольская Сеч», задачай якога з’яўляецца забеспячэнне правапарадку і спыненне парушэнняў руска-ўкраінскай мяжы ў зоне дзеяння антытэрарыстычнай аперацыі (АТО) на ўсходзе Украіны ў зоне баявых дзеянняў. Айцец Сяргей ажыццяўляе душпастырскае папячыцельства байцоў АТО, мае ўзнагароды ўкраінскага ўрада.

Фармальнай прычынай пераследу святара з’яўляецца выданне ў 2006 кнігі «Беларускі супраціў», адным з аўтараў якой ён з’яўляецца. Праз паўгады па кнізе быў зняты фільм, што і з’явілася падставай для прыцягнення а. Сяргея Горбіка да расследавання па справе выдання кнігі.

Святар стала жыве ў Львове з 2003 года, але беларускія ўлады абвясцілі аб тым, што ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку, толькі ў 2015 годзе.

Адвакат а. Сяргея Горбіка Алена Кісь настойвае на тым, што падаплёка справы з’яўляецца цалкам палітычнай. Наяўнасць шэрагу дакументаў, якія маюцца ў яе распараджэнні, у т. л. пасведчанні пра міжнародны шлюб, узяты ў Украіне ў 2003 годзе, а таксама безтэрміновай даведкі на сталае месца жыхарства, выдадзенай у 2011 годзе, сведчыць аб тым, што на момант выдачы гэтых дакументаў беларускі бок не меў прэтэнзіяў да святара.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі