Касцёл Іспаніі заклікаў да тыдня малітвы аб гнаных хрысціянах

popupКанферэнцыя каталіцкіх біскупаў Іспаніі і Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў бядзе» абвясцілі аб міжнародным тыдні малітваў за гнаную Царкву. Малітоўны тыдзень пачаўся 17 траўня.

Папскі фонд прадаставіў матэрыялы аб хрысціянах, якія пакутуюць за веру ў розных краінах, а таксама заклікаў вернікаў, якія маюць акаўнты ў сацсетках, папулярызаваць свой удзел у малітоўнай акцыі, паведамляе ain-es.org.

Асаблівую трывогу сёння выклікае сітуацыя ў Эфіопіі, якая займае 22 месца ў спісе 50 найбольш небяспечных для хрысціянаў краінаў. У канцы красавіка ў эфіёпскім горадзе Асела паліцыя арыштавала семярых чальцоў баптысцкай супольнасці, абвінавачаных ва ўдзеле ў «незаконных сходах у таемных месцах». Незаконна арыштаваныя хрысціяне, месца сходаў якіх было акружанае 15-ю паліцэйскімі, былі вызваленыя 11 траўня пасля таго, як іх аднаверцы ўнеслі заклад сумай 250 даляраў за кожнага. Сярод арыштаваных – трое служыцеляў царквы і чацвёра неафітаў, якія нядаўна перайшлі ў хрысціянства, паведамляе worldwatchmonitor.org.

devockaУ індыйскім штаце Мадх’я-Прадэш на працягу 5 дзён зарэгістраваныя 5 супрацьпраўных дзеянняў і нападаў на хрысціянаў і хрысціянскія супольнасці. 10 траўня быў арыштаваны і збіты пастар, 12 траўня нацыяналісты атакавалі бальніцу для разумова адсталых дзяцей, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні сясцёр-аўгусцінак, 11 і 12 траўня радыкальныя індуісты паспрабавалі спаліць тры царквы ў акрузе Індор. У пачатку траўня каля 100 экстрэмістаў, узброеных нажамі, палкамі і камянямі, напалі на хрысціянскую суполку ў паселішчы Амтола у штаце Асам, сярод цяжка параненых -7-гадовая дзяўчынка, большая частка хрысціянаў збегла з Амтола, паведамляе ides.org.

У Емене ў горадзе Адэн падчас авіяўдару Саудаўскімі ВПС разбураны каталіцкі храм Беззаганнага Зачацця, адно з нешматлікіх у краіне прыстанішчаў каталікоў. Разбурэнне пабудаванага ў 1960 годзе храма з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем гуманітарнай катастрофы ў рэгіёне, паведамляе catholicnews.com.

Хрысціяне падвяргаюцца пераследу і ў Еўропе. 10 траўня ў Равенне група маладых мусульманаў крыкамі і пагрозамі суправаджала хросны ход у гонар Панны Марыі каталікоў парафіі Сан-Марціна. Пасля сустрэчы з мэрам Равенны Паолай Пулай лідэры мусульманскай арганізацыі «Attadamun», чальцы якой абражалі вернікаў, пісьмова папрасілі прабачэння ў парафіі Сан-Марціна, паведамляе infocatolica.com.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі