Працягваецца запіс у самую доўгую ў Беларусі пілігрымку Брэст-Будслаў

piligrymka2015
Пілігрымка-2014 , фота katolik-gomel.by

У Пінскай дыяцэзіі працягваецца запіс ў самую доўгую ў Беларусі пілігрымку Брэст-Баранавічы-Будслаў, якая пачнецца 18 чэрвеня, а завяршыцца 25 чэрвеня. За 16 дзён пілігрымы пройдуць каля 537 км, таму непаўналетнім патрэбна мець дазвол бацькоў.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка ўхваліў ініцыятыву, нагадаўшы, што пілігрымка з Брэста ўжо існавала раней, але не датрывала да гэтага часу, перадае katolik-gomel.by. Кагосьці пужае адлегласць – усё ж больш за паўтысячы кіламетраў, камусьці шкада часу – другая палова чэрвеня ведльмі спрыяльная для адпачынку. Ды і трэба сапраўды мець добрую фізічную форму, каб адолець такі працяглы шлях у спартанскіх умовах. Цікава, што у шлях збіраюцца і моладзь, і людзі сталага ўзросту.  Біскуп упэўнены, што  малады ксёндз Павел Рудзьман добра справіцца з арганізацыяй падарожжа, ініцыятарам якога выступіў.

Значная частка маршруту пройдзе  па тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 90-годдзе з дня свайго паўстання. Таму біскуп Антоній спадзяецца, што пілігрымка стане знакам аднаўлення веры і яе дынамізму ў Пінскім Касцёле.

Не ўсе ўдзельнікі выйдуць з Брэста, да працэсіі можна будзе далучыцца  па дарозе  – ў Баранавічах, Івянцы, Ракаве, іншых мясцінах. Мінулагодняя пілігрымка Пінскай дыяцэзіі «Баранавічы – Будслаў» атрымалася найбольш люднай, сабраўшы  больш за 400 вернікаў

Рэгістрацыя працягнецца да 5 чэрвеня. Узносак за ўдзел з Брэста – 400 тыс. рублёў, з Баранавічаў – 300 тыс. рублёў. Дакладная інфармацыя па тэлефоне: +375 29 709 00 93 (кс. Павел) і на старонцы vk.com/club54073674.

План трасы ХХІІ пілігрымкі да санктуарыя Маці Божай Будслаўскай 18.06 – 3.07.2015 Брэст – Баранавічы – Будслаў можна ўбачыць таксама на сайце katolik-gomel.by.

Урачыстасці ў Будславе ў 2015 годзе запланаваны на 3-4 ліпеня і пройдуць пад дэвізам «Марыя – прытулак грэшных».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі