Апазіцыйныя камуністы вылучылі свайго кандыдата ў прэзідэнты

калякін23-24 траўня ў Мінску прайшоў справаздачна-выбарны з’езд Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», які пераабраў сваім старшынём Сяргея Калякіна, які кіруе партыяй з 1994 года. Яго намеснікамі перавыбраныя Валерый Ухналёў, Анатоль Лашкевіч, Аляксей Елісееў і Канстанцін Мішчанка.

З’езд таксама прыняў рашэнне аб удзеле партыі ў прэзідэнцкай кампаніі і вылучэнні Сяргея Калякіна кандыдатам у прэзідэнты. У падтрымку гэтага выказаліся 105 чалавек з 160 тых, хто прагаласаваў, супраць – 39 чалавек, 16 дэлегатаў устрымаліся, перадае БелаПАН.

Партыя лічыць, што практыка правядзення выбарчых кампаній у Беларусі «фактычна прывяла да ліквідацыі дэмакратычных механізмаў змяняльнасці ўлады і не дазваляе лічыць абвяшчаемыя вынікі выбараў адпаведнымі таму, як галасавалі грамадзяне». Каб змяніць гэта, уладам неабходна: строга выконваць Канстытуцыю і законы; уключыць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; стварыць умовы для бесперашкоднай перадвыбарчай агітацыі; забяспечыць празрысты і адкрыты падлік галасоў; гарантаваць выкананне правоў назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю пра выбары.

Сяргей Калякін быў прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2001 годзе, але яго ініцыятыўная група не сабрала неабходную для рэгістрацыі кандыдатам колькасць подпісаў.

Пра намер стаць кандыдатамі ў прэзідэнты раней заявілі старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім, актывістка кампаніі «Гавары праўду», сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Караткевіч, беспрацоўны Юры Шульган, старшыня аргкамітэта рэспубліканскага грамадска-асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі