Чаму пяцідзесятнікі так называюцца і не хрысцяць дзяцей?

Изображение 361

КРЫНІЦА.INFO працягвае публікацыю цыкла інтэрв’ю, дзе прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій адказваюць на пытанні, якія рускамоўныя карыстальнікі інтэрнэту задаюць пошукавікам. На пытанні, якія тычацца пяцідзесятнікаў, адказвае пастар віцебскай царквы Хрысціян Веры Евангельскай «Новае жыццё» Аляксей Сівалобаў.

пяцідзсятнікі

 

пяцідзясят

 

Чаму пяцідзесятнікі не хрысцяцца?

Пяцідзясятнікі хрысцяцца, то бок прымаюць воднае хрышчэнне. Так яны сведчаць перад людзьмі і Богам, што ў смерці Ісуса Хрыста знайшлі выратаванне і заключылі ўзаемную дамову з Богам: чалавек абяцае Богу служыць добрым і чыстым сумленнем, выконваць Божую волю, а Бог абяцае настаўляць і весці па жыцці чалавека, і ўваскрасіць у новым створаным свеце, Царстве Хрыста. Як правіла, абрад хрышчэння адбываецца поўным апусканнем у ваду, што сімвалізуе пахаванне грахоў і ўваскрасенне для новага жыцця з Ісусам Хрыстом.

А калі «пяцідзясятнікі не хрысцяцца» у сэнсе не асяняюць сябе крыжом шляхам складання пальцаў якім-небудзь чынам (як праваслаўныя або каталікі), то сапраўды, пяцідзясятнікі не выкарыстоўваюць гэта ў богаслужбовай практыцы. Ставяцца да гэтага нейтральна. Таму што нідзе ў Бібліі не напісана, што гэта трэба рабіць і як гэта трэба рабіць, як складаць пальцы, з якога на які бок маляваць крыж у паветры.

Чаму пяцідзясятнікі так называюцца?

У Старым Запавеце існавала ­­­­свята Пяцідзясятніцы. На пяцідзясяты дзень пасля Выхадa з Егіпта габрэі атрымалі ад Бога Тору, гэтым самым заключыўшы з Ім дагавор быць Яму «царствам святароў і народам святым» (Зых 19:6) — выконваць усім сэрцам новыя запаведзі, якія Бог дае габрэйскаму народу, і распаўсюджваць веданне пра Бога па ўсім свеце.

Калі наступіў гэты дзень, ён супаў з пяцідзясятым днём пасля Уваскрэсення Хрыста, апосталы і многія іншыя вучні былі разам. І ў гэты дзень сышоў на іх Дух Святы ў выглядзе вогненных языкоў, і напоўніліся ўсе Духам Святым. З гэтага моманту вучні атрымалі моц і смеласць прапаведаваць пра Ісуса Хрыста. Іх пропаведзі пацвярджаліся рознымі цудамі і азнакамі. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння Царквы Божай, а слова Пяцідзясятніца стала сінонімам напаўнення Духам Святым, і ад назвы свята Пяцідзясятніцы (Троіцы) хрысціян называюць пяцідзясятнікамі.

 Чаму пяцідзясятнікі секта?

Я катэгарычна не згодны з вызначэннем «секта», карэктна назваць дэнамінацыяй.

З гісторыі вядома, што першапачаткова слова «секта» было нейтральным тэрмінам для апісання асобных, адасобленых палітычных, філасофскіх і рэлігійных груп.

Ранняя хрысціянская Царква падпадала пад паняцце секта, таму што была адасобленай рэлігійнай супольнасцю, якая супрацьпастаўляла традыцыйным рэлігіям паганскага грамадства. Назва «секта» ў адносінах да Царквы ўжывалася і самімі хрысціянамі. Вядомы хрысціянскі апалагет III стагоддзя Тэртуліян, палемізуючы з паганскімі аўтарамі ў шэрагу сваіх твораў, дзе параўноўвае раннюю хрысціянскую суполку з філасофскай школай, называе суполку першых хрысціян сектай.

Аднак цяпер слова «секта» мае негатыўную афарбоўку. Ім характарызуюцца дэструктыўныя грамадствы, якія нясуць разбуральны характар. Секты, як правіла, прыцягваюць у сваё грамадства людзей забяспечаных, паспяховых, каб скарыстацца ў далейшым іх дасягненнямі. Яны негатыўна ўплываюць на здароўе членаў сваёй арганізацыі, на сем’і, якія часта бурацца, завалодваюць фінансамі і маёмасцю.

Слова «секта» выкарыстоўваецца для прыніжэння атэістамі вернікаў, пануючай канфесіяй — усіх іншадумцаў. Можа быць ідэолагамі за падыход: Бог, асоба, дзяржава, а не дзяржава, асоба, Бог. У прыніжэнні годнасці чалавека не можа быць нічога добрага.

Пяцідзясятнікі не заяўляюць аб выключным праве на выратаванне сваёй дэнамінацыі, а прызнаюць выратаванне шчырых хрысціянаў усіх канфесій, якiя выконваюць волю Бога.

Пяцідзясятнікі адносяцца да адной з трох хрысціянскіх канфесій — пратэстанцкай. Строга прытрымліваюцца Бібліі. Вераць у Трыадзінага Бога: Бога Айца, Сына Ісуса Хрыста і Духа Святога. Яны вераць, што Бог і зараз здзяйсняе цуды, якія апісаны ў Бібліі і якія здзяйсняў Ісус Хрыстос пры жыцці на зямлі: душэўнае і фізічнае вылячэнне. Пяцідзясятнікі не толькі моляцца, а і праводзяць розныя семінары, каб ствараліся трывалыя сем’і. Прапагандуюць здаровы лад жыцця: як фізічны, так і маральны.

Чаму пяцідзясятнікі моляцца на іншых мовах?

У дзень Пяцідзясятніцы, у момант сыходу Духа Святога ў выглядзе вогненных языкоў на апосталаў, яны споўніліся Духа Святога і пачалі славіць Бога на іншых мовах, гэта значыць, на мовах, якія яны не ведалі, якія ніколі не вывучалі.

У дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусалім сабралася шмат людзей з розных краін і народаў, каб праславіць Бога. І раптам яны пачулі, як вучні-габрэі пачалі распавядаць пра Божыя цуды на дыялекце розных народаў, якія тут былі. Чужынцы былі вельмі здзіўлены, бо разумелі, што галілеяне, якія размаўляюць на іх мове, насамрэч не маглі ведаць мову іх мясцовасці. Яны дзівіліся і пыталі адзін у аднаго, што б гэта значыла і як гэта растлумачыць.

А мясцовыя жыхары, якія не ведалі тых гаворак, палічылі апосталаў п’янымі, якія бармочуць абы што.

Апостал Пётр звярнуўся да прысутных і сказаў, што «яны не п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня»,  але зараз споўнілася тое, што прадказвалі прарокі, што Бог вылье ад Духа Свайго на ўсякую плоць і «будуць прарочыць сыны вашы і дочкі вашы; і хлопцы вашы будуць бачыць бачанні, і старцы вашы праз сны на розум наставяцца». «І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца». І Пётр распавёў пра Ісуса, Якога распялі і пахавалі, але «Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі смерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго» і «усе мы сведкі».

Людзі, якія чулі сведчанне Апостала Пятра, паверылі сказанаму і пыталіся, што ім рабіць.

«Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараванне грахоў; і атрымаеце дар Святога Духа”.  І ў той дзень каля трох тысяч чалавек пакаяліся і прынялі хрышчэнне.

І з таго дня Бог не перастае тварыць цуды праз сваіх верных дзяцей, якіх хрысціць Духам Святым, надзяляючы іх рознымі духоўнымі дарамі. Малітвы на іншых мовах па Бібліі з’яўляюцца сведчаннем хрышчэння хрысціян Духам Святым. Апостал Павел хваліўся, што ён больш за ўсіх моліцца на іншых мовах, гэта значыць — Духам. Але ў царкве рэкамендаваў маліцца не толькі на іншых мовах, але і тлумачыць на зразумелай роднай мове, каб наставіць іншых, у тым ліку і не веруючых.

Зараз гэты феномен распаўсюджаны і ў іншых хрысціянскіх канфесіях.

Чаму пяцідзясятнікі не прызнаюць абразоў?

У пяцідзясятнікаў няма ікон і яны ім не моляцца і не пакланяюцца, таму што Бог забараняе гэта рабіць.

У кнізе Зыход у главе 20 напісана: «Я Гасподзь, Бог твой, … хай не будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім. Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі; не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага роду, якія ненавідзяць Мяне, і творыць міласць да тысячы родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае».

У кнізе Ісая у главе 46: «Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срэбніка, каб ён зрабіў з яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім, падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, з месца свайго не рухаецца; крычаць яму — ён не адказвае, не ратуе ад бяды».

У кнізе Авакума, глава 2: «Што за карысць ад балвана, зробленага мастаком, гэтага адліванага ілжэнастаўніка, хоць дойлід, робячы нямых куміраў, пакладаецца на свой твор? Гора таму, хто кажа дрэву: «устань!» і нямому каменю: «прачніся!» Ці навучыць ён чаму-небудзь? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам, але дыхання ў ім няма».

Ярэмія раздзел 10: «Так кажа Гасподзь: … статуты народаў — пустата: ссякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесляра пры дапамозе сякеры, пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цвікамі і молатам, каб не хісталася. Яны — як абчасаны слуп, і не кажуць: іх носяць, бо хадзіць не могуць. Не бойцеся іх, бо яны не могуць прычыніць зла, але і дабра рабіць не ў сілах».

І падобных месцаў у Бібліі, у Старым і Новым Запаветах, шмат, дзе Бог прама забараняе што-небудзь падобнае рабіць і пакланяцца твору рук чалавечых.

Акрамя таго, у Новым Запавеце Ісус называе ўсіх хрысціянаў святымі, але не па сваіх справах, а па веры ў Хрыста і Яго здзейсненае выратаванне для нас. Зыходзячы з гэтага, можна ўзяць партрэт любога хрысціяніна, абраміць ў рамку і назваць яго святым і прасіць аб дапамозе, маліцца яму. Але Біблія кажа, што ў нас адзін  Заступнік перад Богам — Яго Сын Ісус Хрыстос, Які памёр на крыжы за нашы грахі, быў пахаваны замест нас і на трэці дзень уваскрос для нашага апраўдання, каб мы вераю прыняўшы Яго ў сваё сэрца мелі жыццё вечнае.

 Чаму пяцідзясятнікі святкуюць суботу?

Пяцідзесятнікі святкуюць не суботу, а нядзелю, дзень, у які уваскрос Ісус Хрыстос. Па нядзелях у цэрквах праходзяць служэнні і вернікі імкнуцца прысвяціць гэты дзень для Госпада, больш знаходзіцца ў чытанні Бібліі, зносінах з вернікамі, па магчымасці, не робяць ніякай працы. Але ў той жа час, калі менавіта ў гэты дзень хтосьці мае патрэбу ў дапамозе і няма іншага часу, каб аказаць яе, то трэба дапамагчы ў нядзелю. Праца — гэта не грэх. Бо сам Ісус, парушаючы фарысейскія законы, вылечваў у суботу і за гэта Яго хацелі пабіць камянямі. Але Ён адказаў, што субота створана для чалавека, а не чалавек для суботы.

Чаму пяцідзясятнікі не носяць крыжыкі?

За ўсіх пяцідзясятнікаў нельга сказаць, што яны не носяць крыжыкі. Гэта не забаронена. У той жа час, у Бібліі няма ні аднаго месца, дзе сказана, што гэта трэба рабіць. Носіць чалавек крыжык ці не — гэта не мае ніякага духоўнага значэння. Нашэнне крыжыка не набліжае і не аддаляе чалавека ад Бога, яно не дае больш святасці, крыжык не абараняе ад праблем і дэманічнага ўздзеяння.

Але калі чалавек носіць яго і лічыць, што крыжык ратуе яго, засцерагае, дапамагае ў розных сітуацыях — то гэта фетышызм, ідалапаклонства. Чалавек такім чынам спадзяецца не на Бога Айца, не на Яго Сына Ісуса Хрыста, які пацярпеў дзеля нашага вызвалення ад пракляцця, граху і смерці на крыжы, а ўсхваляе прыладу пакарання Хрыста. І гэта мярзота ў вачах Божых і такі чалавек не застанецца без пакарання.

Чаму пяцідзясятнікі не хрысцяць дзяцей?

Пяцідзясятнікі не хрысцяць маленькіх дзяцей, але прыносяць у царкву, каб іх благаславілі і ў малітве прысвяцілі Госпаду. Таксама на кожным служэнні здзяйсняюцца малітвы благаслаўлення ўсіх дзяцей: ад немаўлят да падлеткаў. Дома бацькі чытаюць дзецям Біблію, моляцца разам з імі, у царкве арганізаваныя заняткі ў нядзельнай школе для дзяцей рознага ўзросту. Калі дзіця свядома прымае ў сваё сэрца і сваё жыццё Ісуса Хрыста, разумее, хто такі Хрыстос і сам жадае прыняць хрышчэнне — тады і адбываецца гэты абрад. Звычайна гэта дзеці ва ўзросце ад 14 гадоў і старэй. Таму што хрышчэнне — гэта запавет паміж чалавекам і Богам, гэта дагавор. Чалавек абяцае служыць Богу добрым і чыстым сумленнем, выконваць волю Божую, весці праведны лад жыцця, а Бог абяцае Сваю абарону, і падтрымку, і выратаванне.

Калі дзіця хрысцілі ў дзяцінстве, то такая дамова не лічыцца сапраўднай, таму што ў маленькага дзіцяці не можа быць усведамлення таго, што адбываецца. А хрышчэнне прымаецца выключна добраахвотна і па веры, інакш хрышчэнне становіцца пустым прыгожым абрадам, які не мае духоўнай моцы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі