Ці выкарыстоўваліся тэксты Францыска Скарыны ў богаслужбовай практыцы

Скорина1Першая палова XVI ст. вызначылася эпахальнай падзеяй у гісторыі Кіеўскага Праваслаўя і наогул хрысціянскай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – у 1517 годзе пачалася выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, а ў 1520 годзе ім была адкрытая першая друкарня на беларуска-ўкраінскіх землях у Вільні. Узнікненне беларускага нацыянальнага кнігадрукавання, якое хутка дасягнула высокага ўзроўню, стала фактарам адраджэння беларускай культуры. Гэта мела істотнае значэнне і для Украіны, паколькі ў той час культурнае жыццё беларускага і ўкраінскага народаў у шматлікіх аспектах выяўляла з сябе суцэльны працэс.

Набліжэнне юбілеяў, звязаных з дзейнасцю Францыска Скарыны, выклікала ўсплёск цікавасці да асобы першадрукара ў цэлым і яго працаў у прыватнасці.  Адным з найбольш навуковых пытанняў, якое выклікае ажыўленыя дыскусіі даследчыкаў, з’яўляецца пытанне пра выкарыстанне тэкстаў (друкаў) Францыска Скарыны ў богаслужбовай практыцы Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі (Кіеўскага Праваслаўя). У гэтым невялікім артыкуле мы паспрабуем высунуць некалькі гіпотэзаў  і пазначыць шляхі далейшага даследавання праблематыкі.

На нашую думку, пачынаючы сваю перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць, Францыск Скарына найперш думаў пра практычнае выкарыстанне сваёй працы праваслаўнымі вернікамі Вялікага Княства Літоўскага – Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі, бо толькі праваслаўныя вернікі карысталіся кірылічным шрыфтам і ўжывалі царкоўнаславянскую мову (або мясцовы ўзор царкоўнаславянскай мовы) у богаслужбах. Пры гэтым трэба адзначыць, што працэс набліжэння «кананічнай» царкоўнаславянскай мовы да мясцовай адбываўся на тэрыторыі Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі ўжо з канца XI ст. Падобныя тэндэнцыі адзначаюць і большасць даследчыкаў. Так, яшчэ ў канцы 60-х гадоў ХХ ст. навукоўцы, у прыватнасці, беларускі даследчык Аркадзь Жураўскі, прыйшлі да высновы, што гаворка перакладаў Скарыны з’яўляецца пераходнай ад класічнай царкоўнаславянскай да старабеларускай [1, ст. 302-303], і менавіта такі моўны тып часта сустракаецца ў богаслужбовых рукапісах беларускага ці ўкраінскага (адпаведна – пераходны да стараўкраінскай) паходжання пачатку XVI ст.

Такім чынам, паспрабуем адказаць на некаторыя агульныя адпрэчванні магчымасці выкарыстання тэкстаў Францыска Скарыны ў богаслужбовай практыцы:

  1. Выданне Францыска Скарыны не мела благаслаўлення тагачаснай царкоўнай улады (у першую чаргу – праваслаўнага Кіеўскага мітрапаліта).

Сапраўды, сёння мы не маем звестак пра тое, што пераклады і выданні Францыска Скарыны атрымалі благаславенне царкоўнай ўлады на выкарыстанне ў якасці богаслужбовых. Але падобнага блаславення не мелі ні кракаўскія выданне Фіоля, ні венецыянскія кірылічныя выданні, тым не менш, выкарыстання кракаўскіх і венецыянскіх выданняў ў богаслужбовай практыцы Праваслаўнай Царквы, у тым ліку і ў Кіеўскім Праваслаўі, ніхто не адмаўляе.

Таксама варта адзначыць, што выданні Францыска Скарыны ад пачатку свайго з’яўлення знаходзіліся ў манастырскіх бібліятэках і прыватным карыстанні праваслаўных святароў. Так, у 1522 годзе святар віленскай Юр’еўскай царквы а. Мацей у сваім духоўным завяшчанні згадвае «друкаваную Кнігу Царстваў» і прызначае яе “Уваскрасенскаму папу Фёдару”. Мы далёкія ад думкі, што такія каштоўныя выданні набываліся манастырамі, а тым больш асобнымі святарамі, выключна «для калекцыі», таму можам казаць аб пэўнай магчымасці іх выкарыстання і ў богаслужбовай практыцы.

  1. Францыск Скарына не да канца пераклаў Біблію, што робіць немагчымым яе богаслужбовае выкарыстанне.

Па-першае, пытанне аб тым, што Францыск Скарына пераклаў толькі частку Бібліі, застаецца адкрытым. Так, грунтуючыся на тых ўкраінскіх рукапісных копіях выданняў Скарыны, які дайшлі да нас, беларускі даследчык П. Ахрыменка пераканаўча даводзіць: Францыск Скарына здзейсніў поўны пераклад Бібліі, аднак некаторыя пражскія пераклады сёння страчаныя [2, ст. 31].

Па-другое, нават калі прыняць той факт, што Францыск Скарына не скончыў поўны пераклад Бібліі, то цалкам магчымае выкарыстанне яго перакладаў для чытання парэміяў, а Псалтыр можна выкарыстоўваць як асобную богаслужбовую кнігу.

Меркаванне, што выданні Францыска Скарыны выкарыстоўваліся для богаслужбаў, ўскосна пацвярджае і той факт, што яны атрымалі распаўсюджванне і ў Украіне, дзе асобныя пражскія выданні (“Кнігі Ёва”, “Выслоўі Саламона”, “Божая Мудрасць”, “Песня песняў”) былі паўтораныя ў спісах Васіля Жугаева з Яраслаўля-Галіцкага (1568 год) [3, ст. 297]. Акрамя таго, менавіта Біблія Скарыны паслужыла істотнай крыніцай для выдаўцоў Астрожскай Бібліі: прызнаны ўплыў на яе Скарынаўскіх біблейскіх выданняў, сярод якіх найбольш тэкставае супадзенне назіраецца з пражскімі выданнямі кнігаў “Юдзіф” і “Плач Ераміі” (1519 год).

Такім чынам, на нашу думку, біблейскія тэксты Францыска Скарыны маглі і, верагодна, выкарыстоўваліся, ў богаслужбовай практыцы Кіеўскага Праваслаўя (Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі).

Яшчэ больш верагоднае выкарыстанне Псалтыры, акафістаў і канонаў ў перакладзе Францыска Скарыны, сабраных ў “Малой падарожнай кніжыцы”. Гэтае выданне дзеліцца на Псалтыр, Часаслоў, сямнаццаць акафістаў і канонаў, “Шестодневець” са службамі на ўсе дні тыдня, святцы з велікоднымі табліцамі на 1523-1543 гады.

Разглядаючы «Малую падарожную кніжыцу» з гледзішча прыдатнасці да богаслужбовага выкарыстання, можна зрабіць выснову, што яна ўяўляе ідэальны варыянт для праваслаўных па-за літургічнымі службамі у Кіеўскай мітраполіі.

Так, Францыск Скарына падзяліў «Псалтыр» на 20 кафізмаў згодна праваслаўнай традыцыі, а таксама падаў пераклад Псальма 151. У «святцах» з «Малой падарожнай кніжыцы», дзе Скарына прытрымліваецца праваслаўнага календара, ён падаў дні памяці праваслаўных святых Кіеўскай традыцыі: Барыса, Глеба, Феадосія і Антонія Пячэрскіх; прытрымліванне Іерусалімскага (і Студыцкага) статутаў, якія выкарыстоўваліся Кіеўскім праваслаўем; прамыя канстатацыі: «Зацвердзі Божа, святую праваслаўную веру праваслаўных хрысьціянаў на вякі вякоў». Акрамя таго, як лічыць беларуская даследчыца А. Яскевіч, «… Акафіст Прасалодкаму імю Госпада нашага Ісуса Хрыста, глаголемий па ўся дні (кандак дзевяты). У параўнанні з кананічнымі тэкстамі акафіста ён больш пашыраны, паколькі дае іерархію ўсіх анёльскіх чыноў згодна праваслаўнай літургіцы». [4, ст. 67-68]

Варта адзначыць і той факт, што акафісты і каноны, перакладзеныя Францыскам Скарынам, па сваёй структурнай групе з’яўляюцца, на нашую думку, вызначаным пратографам для «кананічнага» праваслаўнага Віленскага выдання 1628 [5]

Натуральна, што нашыя здагадкі з’яўляецца толькі пачаткам даследавання, якое павінна выявіць пратаграфічную сувязь тэкстаў Францыска Скарыны з падобнымі тэкстамі Віленскіх і Кіеўскіх выданняў XVI – XVII стагоддзяў, рукапіснымі варыянтамі акафістаў і канонаў. Але ўжо сёння можна смела вылучаць гіпотэзу аб тым, што тэксты Францыска Скарыны выкарыстоўваліся ў праваслаўнай богаслужбовай практыцы Кіеўскага Праваслаўя XVI ст. і былі пратографам для новых праваслаўных царкоўных выданняў.

Літаратура

1. Журавский А. И. Язык печатных изданий Ф.Скорины//450 лет белорусского книгопечатания. Минск, 1968

2. Охрименко П. П. Летопись братства. Минск, 1973.

3. Ониченко В. В. Скориновское наследие в рукописях его последователей на Украине//Франциск Скорина и его время: Энцыкл. справочник. Мн., 1988

4. Яскевіч А. Францыск Скарына як духоўны пісьменнік.//480 год беларускага кнігадрукавання. Матэрыялы трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мінск, 1998.

5. Акафисти в них же канони, стихири и стиховни на всю седмицу. Вильно, 1628

 

Пратаіерэй Сяргей Горбік  (Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхата) для КРЫНІЦА.INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі