СК: Святар з Беларусі Сяргей Нехамес абвінавачваецца ў махлярстве

горбікПротаіерэй УПЦ КП і кіраўнік прэс-цэнтра Хмяльніцкай епархіі Сяргей Нехамес (Горбік) абвінавачваецца ў ашуканскіх дзеяннях. Пра гэта паведаміў карэспандэнту КРЫНІЦЫ.INFO галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінску Аляксандр Герасімаў.

«Падчас расследавання было выяўлена, што абвінавачваны, хоць і з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, у апошні час пражываў на тэрыторыі Украіны, – растлумачыў Аляксандр Герасімаў. – Як толькі следства вызначыла дакладнае месца знаходжання Сяргея Нехамеса, у адпаведнасці з арт. 80 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, у праваахоўныя органы Украіны было накіравана хадайніцтва аб яго экстрадыцыі для прыцягнення да крымінальнай адказнасці».

«Сяргей Нехамес абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Махлярства», – сказаў Аляксандр Герасімаў. Пры гэтым прадстаўнік Следчага камітэта адзначыў, што ў цяперашні час агучыць падрабязнасці па матэрыялах крымінальнай справы не прадстаўляецца магчымым.

Згодна з КК, ч.3 арт.209 прадугледжвае адказнасць за махлярства, здзейсненае ў буйным памеры. Санкцыяй артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Раней сам Сяргей Нехамес, каментуючы КРЫНІЦЫ.INFO сваё бачанне сітуацыі, сцвярджаў, што відавочная палітычная матывацыя дзеянняў беларускіх уладаў. Святар не хаваў крытычнай адносіны да іх ў публіцыстычнай дзейнасці, а таксама з’яўляецца капеланам дабравольніцкага Грамадзянскага фарміравання «Падольская Сеч», задачай якога з’яўляецца забеспячэнне правапарадку і спыненне парушэнняў руска-ўкраінскай мяжы ў зоне дзеяння антытэрарыстычнай аперацыі (АТО) на ўсходзе Украіны ў зоне баявых дзеянняў. Сяргей ажыццяўляе душпастырскае папячыцельства байцоў АТО, мае ўзнагароды ўкраінскага ўрада.

Святар пастаянна жыве ў Львове з 2003 года, аднак беларускія ўлады абвясцілі аб тым, што ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку, толькі ў 2015 годзе.

Адвакат Сяргея Нехамеса Алена Кісь настойвае на тым, што падаплёка справы з’яўляецца цалкам палітычнай. Наяўнасць шэрагу дакументаў, якія маюцца ў яе распараджэнні, у т. л. пасведчанне аб міжнародным шлюбе, заключаным ва Украіне ў 2003 годзе, а таксама бестэрміновай даведкі на пастаяннае месца жыхарства, выдадзенай у 2011 годзе, сведчыць аб тым, што на момант выдачы гэтых дакументаў беларускі бок не меў прэтэнзій да святара.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі