Архіепіскап Цярнопальскі просіць Парашэнку абараніць святара з Беларусі

горбікАрхіепіскап Цярнопальскі Нестар Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхата звярнуўся да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з просьбай абараніць святара УПЦ КП пратаіерэя Сяргея Нехамеса (Горбіка), прэс-сакратара Хмельніцкай епархіі і вайсковага капелана дабраахвотніцкага фарміравання “Падольская Сеч” ад пераследу з боку Следчага Камітэта Беларусі. На думку герарха, патрабаванні беларускага боку аб выдачы святара маюць цалкам палітычныя мэты.

27 траўня Львоўскі апеляцыйны суд пакінуў у моцы рашэнне суда папярэдняй інстанцыі адносна пратаіерэя Сяргея Горбіка. Святар можа вольна перасоўвацца, але мусіць паведамляць пракуратуры аб сваім месцы знаходжання.

ліст1ліст2

У гутарцы з карэспандэнтам КРЫНІЦЫ. INFO становішча каментуе Алена Кісь, адвакат а. Сяргея: “На сёння суд абраў найменшае з магчымага, і гэта добра”. Што стасуецца самой справы, дык яна, на думку юрыста, з боку Беларусі носіць відавочна палітычны характар.

Па-першае, украінскія ўлады тройчы правяралі статус а. Сяргея ў Беларусі: падчас узяцця ім шлюбу ў 2003 годзе, падчасе яго звароту ў міграцыйны аддзел Львоўскай вобласці ў 2008-2011 гадах, а таксама ў АВІРы падчас выдачы бестэрміновага дазволу на сталае жыхарства ва Украіне – у эміграцыі.

“Гэта сведчыць пра тое, што на той момант ніякіх прэтэнзіяў беларускія ўлады да а. Сяргея афіцыйна не мелі. Апрача таго, ён ніколі не хаваўся, меў афіцыйную рэгістрацыю ва Украіне ад 2003 года і, калі беларускія ўлады мелі нейкія прэтэнзіі, яны маглі афіцыйна выклікаць яго у Мінск або прасіць нашы праваахоўныя структуры правесці допыт. Тут варта нагадаць, што справа, па якой беларускі бок абвінавачвае а. Сяргея, разглядалася ў 2001 годзе”, – адзначыла адвакат.

Яна падкрэсліла, што валодае шматлікімі дакументамі, якія сведчаць пра актыўную грамадзянскую пазіцыю а. Сяргея ва Украіне, кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, культурніцкай дзейнасці і дзейнасці ў якасці капелана ў АТА. “Усё гэта ён робіць публічна, не хаваючы свайго твару і прозвішча. Ці рабіў бы сябе падобны “піяр” чалавек, які здзейсніў злачынства? Мая практыка, як адваката і колішняга службоўца МУС Украіны, такога прыкладу не мае”, – кажа Алена Кісь.

Паводле яе, справы такога кшталту вельмі “слізкія”, бо ідзецца аб параўнальна невялікіх сумах, якія працаўнік бюджэтнай сферы (настаўнік або звычайны лекар) зарабляе за 5-6 месяцаў.

Адвакат скіравала лісты да прэзідэнта Украіны і Генеральнага пракурора аб палітычных падставах пераследу а. Сяргея, у якіх хадатайнічае аб наданні яму ўкраінскага грамадзянства і абароне з боку Украіны. “Украіна ўжо мае досвед абароны шэрагу палітычных дзеячаў Грузіі і Расіі, якіх таксама абвінавачвалі ў “злачынствах”, у тым ліку – эканамічнага характару”, – сказала яна.

Таксама становічша каментуе Уладзімір Лось, актывіст Amnesty International Ukraine. Ён звярнуў увагу “на немагчымасць справядлівага следства і суда ў Беларусі, на наяўнасць палітвязняў”. “Слухаючы прадстаўнікоў пракуратуры і адваката, вывучыўшы пэўныя матэрыялы, асабіста я і чальцы нашай арганізацыі пераканаліся, што справа а. Сяргея Няхамеса (Горбіка) цалкам палітычная, а яе “крымінальны характар” – гэта варыянт пераследу па схеме, аналагічнай той, якая выкарыстоўвалася падчас асуджэння беларускага праваабаронцы Алеся Беляцкага. Магу сведчыць, што суд улічыў усе абставіны і прыняў максімальна карэктнае рашэнне. Надалей мы будзем адсочваць становішча ды надаваць справе міжнародны рэзананс”, – заявіў ён.

Схіляецца да думкі аб палітычным пераследзе і мітрапаліт Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі УПЦ КП Антоній (Махота). “Якое можа быць махлярства — гэта ж вельмі сціплы і просты чалавек, у яго махлярства я не веру. Трэба зрабіць усё, каб яго ў Беларусь не выдавалі, бо мы ведаем, што такое беларуская турма”, – падкрэсліў ён.

Разам з тым начальнік штабу Грамадскага Фармавання “Падольска Січ” Юры Рыбак мяркуе, што справа супраць а. Сяргея Няхамеса (Горбіка)– гэта “спроба вялікай правакацыі супраць абаронцаў Украіны і святароў Кіеўскага Патрыярхату, якія іх падтрымліваюць”. На яго думку, замова справы можа сыходзіць з Масквы. “Мы ўжо звярнуліся з адпаведнаю заяваю да Прэзідэнта Украіны, да прадстаўнікоў украінскіх спецслужбаў з просьбай надаць а. Сяргею абарону ды ўкраінскае грамадзянства”, – сказаў ён.

Як паведамляла Крыніца, Сяргей Нехамес абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Махлярства». Пры гэтым у Следчым камітэце заяўляюць, што ў цяперашні час агучыць падрабязнасці па матэрыялах крымінальнай справы не прадстаўляецца магчымым.

Згодна з КК, ч.3 арт.209 прадугледжвае адказнасць за махлярства, здзейсненае ў буйным памеры. Санкцыяй артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі