Праваслаўны святар: каталіцкі крыж у Белавежскім ніхто ламаць не будзе

БелавежскіНастаяцель праваслаўнага храма Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы іерэй Аляксандр Сычэвіч пракаментаваў канфлікт у пасёлку Белавежскі пад Камянцам, выкліканы самавольным усталяваннем вясковымі каталікамі крыжа побач з праваслаўным.

На думку а. Аляксандра, усталяванне каталікамі крыжа без узгаднення са свецкімі ўладамі сапраўды з’яўляецца нядобрым учынкам, святар кажа, што такі намер мясцовыя каталікі мелі яшчэ ўзімку 2014 года, – у той жа час настаяцель праваслаўнай царквы гатовы змірыцца з наяўнасцю каталіцкага крыжа, калі на тое будзе воля ўладаў, паведамляе nn.by.

Каментуючы  сход вяскоўцаў, які прысвячаўся супрацьстаянню каталікоў і праваслаўных, і які набыў розгалас, дзякуючы рэлігійным СМІ, запрошаным каталікамі, а. Аляксандр называе яго відавочна правакатыўным: “Каталікі кажуць, што ім гэты крыж неабходны, каб нябожчыка прывезці да яго. Гэта што, таінства? Не, ксёндз Андрэй сам мне адказаў, што не таінства. Няма канкрэтнай прычыны для таго, каб крыж быў усталяваны. А тое, што ёсць нейкая грамада, ёсць каталікі, то калі ласка. Няхай узгадняюць, няхай моляцца. Галоўнае — каб вайны не было”.

Таксама святар абвяргае свае словы аб гатоўнасці ўласнаручна дэмантаваць крыж, нібыта сказаныя на сходзе:  “Ніхто ні ў якім выпадку крыжы ламаць не будзе. Пра мяне кажуць, што я прапанаваў «знесці» крыж, гэта значыць наздзекавацца, зламаць. Але мы гэтага не хочам. Трэба ці акуратна дастаць яго, ці няхай атрымліваюць дазвол райсавета”.

На думку святара, права вернікаў на свій рэлігійны сімвал вымяраецца выключна іх колькасцю. Адначасова святар прызнае, што практыкуючы вернікаў сярод 90%-авай праваслаўнай большасці няшмат – стала царкву наведваюць не болей за сто чалавек. З каталіцкім святаром а. Аляксандр пазнаёміўся толькі на сходзе.

Каталікі з Белавежскага, якіх у пасёлку усяго 20 сем’яў, з’яўляюцца часткай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Высокім, на думку іх пробашча, кс. Андрэя Бародзіча, крыж вяскоўцам-вернікам каталіцкай канфесіі неабходны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі