Дэпутаты зацвердзілі забарону рэкламы вады з гарэлачнымі назвамі

сваякДэпутаты Палаты прадстаўнікоў на паседжанні 11 чэрвеня прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон Беларусі “Аб рэкламе”. Дакумент накіраваны на папярэджанне распаўсюджвання рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў пад выглядам рэкламы іншых тавараў (работ, паслуг), арганізацый і грамадзян з мэтай павышэння эфектыўнасці мер па папярэджанні і пераадоленні п’янства, алкагалізму і тытунекурэння, а таксама зніжэння ўзроўню спажывання алкаголю і тытуню насельніцтвам, памяншэння негатыўных наступстваў іх спажывання.

Дакумент забараняе рэкламу, падобную да рэкламы алкагольных напояў, у месцах, дзе рэклама такіх напояў забароненая, і цалкам забараняе рэкламу, падобную да рэкламы тытунёвых вырабаў. Пад падобнай разумеецца рэклама, якая ўтрымлівае найменне тавару, арганізацыі, таварны знак або знак абслугоўвання, малюнак тавару або яго спажывецкай упакоўкі і г.д., перадае БелТА.

Абмежаванні не распаўсюджваюцца на рэкламу арганізацый або грамадзяніна, якая размяшчаецца на вонкавых шыльдах і паказальніках, бо спажывец павінен быць праінфармаваны, які суб’ект па адпаведным адрасе размяшчаецца. Гэта адносіцца і да інтэрв’ю аб дзейнасці арганізацыі, а таксама тычыцца сацыяльнай рэкламы, у якой у прафілактычных мэтах выкарыстоўваюцца выявы тары, якая нагадвае алкагольную або тытунёвую спажывецкую тару.

Законапраект быў прыняты ў першым чытанні ў кастрычніку 2014 года.

Кавалькова: вытворцы алкагольнай прадукцыі апанавалі Мінск сваімі білбордамі

Каардынатар кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова лічыць гэтыя папраўкі адным з вельмі важных вынікаў кампаніі. Наступным крокам, па яе словах, павінна стаць зацвярджэнне паправак прэзідэнтам.

«У апошні час вытворцы алкагольнай прадукцыі проста апанавалі Мінск сваімі білбордамі, на ўсіх прыпынках метро адной з асноўных стала рэклама «Сваяка», «Налібок», «Амбасадора». Пры тым, што наша краіна співаецца са страшнай хуткасцю і з дапамогай дзяржавы, якая на заканадаўчым і практычным ўзроўні не рабіла нічога, каб палепшыць сітуацыю. Толькі шырокі грамадскі ціск са зборам подпісаў і сустрэчамі з чыноўнікамі, дапамагае нам рухацца да лепшых зменаў у нашай краіне”, – адзначыла яна ў каментары КРЫНІЦА.INFO.

Вольга Кавалькова падкрэсліла, што ў межах кампаніі ёсць яшчэ шэраг прапаноў, распрацаваных з улікам вопыту Нарвегіі і Швецыі, над прыняццем якіх БХД працягне працаваць, пакуль сітуацыя са спажываннем алкаголю не пачне паляпшацца.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі