Ці быў Францішак Скарына ўніятам?

скарынаЦі быў Францішак Скарына ўніятам? Ці мае глебу адна з гіпотэзаў пошуку веравызнання беларускага першадрукара? На гэты і іншыя пытанні прапаноўвае свае адказы даследчык з Беларусі, праваслаўны святар УПЦ КП пратаіерэй Сяргей Горбік.

Пытанне аб веравызнанні славутага беларускага першадрукара Францішка Скарыны з’яўляецца адным з найменш даследаваных. Сярод гіпотэзаў, якія вылучаюць беларускія і украінскія даследчыкі, існуе дапушчэнне, што Францішак Скарына быў уніятам (грэка-каталіком). Як і іншыя гіпотэзы, “уніяцкая” версія не мае дакументальнага пацверджання і будуецца на ўскосных фактах.

Так, некаторыя навукоўцы даводзілі, што духоўнае фармаванне Скарыны адбывалася ва ўмовах старажытнай полацкай традыцыі і пост-фларэнтыйскай Еўропы, з гэтай прычын Скарыну павінен быў быць найбольш блізкім уніяцкі светапогляд. Падобную думку падзяляюць некаторыя сучасныя беларускія, у прыватнасці, доктар гістарычных навук І. Саверчанка [1, ст.91], і частка ўкраінскіх даследчыкаў [2, ст.40].

У якасці доказа ўніяцкага веравызнання першадрукара вылучаецца разбор надрукаванага ім акафіста святым апосталам Пятру і Паўлу, таксама друкаванне кніг менавіта на старабеларускай мове (беларускім ізводзе) і скіраванасць іх да праваслаўнай аўдыторыі.

Маючы гэтыя аргументы ў якасці доказаў, паспрабуем высветліць, ці мае права на існаванне гіпотэзы аб уніяцтве Францішка Скарыны.

Найперш падсумуем, што такое ўніяцтва і ці існавала яно на беларускіх землях у канцы XV-пачатку XVI стст.? Адразу варта вызначыць, што ўніяцтва не ёсць асобным веравызнанням або нейкай аўтаномнай плынню, пад грэка-каталіцкай плынню разумеюца супольнасці вернікаў агульнай Каталіцкай Царквы, якія выкарыстоўваюць ўласны абрад і маюць шэраг адрозненняў у сферы кананічнага права (жанатыя святары і г.д). Звычайна гэтыя супольнасці аб’яднаны ў мітраполіі, якія маюць свайго кіруючага архірэя (альбо могуць быць падзеленыя на епархіі). Тым не меней, у дагматычна-багаслоўскім аспекце яны не адрозніваюцца ад рыма-каталікоў.

Таксама не варта выпускаць з-пад увагі, што шэраг усходніх Каталіцкіх Цэркваў утварыўся пасля аддзялення ад Старажытнаўсходніх Цэркваў і Асірыйскай царквы Усходу шляхам заключэння уніі са Святым Пасадам. Гэтыя Цэрквы ўвогуле не маюць сувязі з візантыйскай традыцыяй.

Уласна пад тэрмінам “Уніяцкая Царква” мы мусім разумець частку нейкай Царквы (у нашым выпадку – праваслаўнай), якая заключыла ўнію з Рымам і зрабілася адміністратыўнай часткай агульнай Каталіцкай Царквы, захаваўшы свой абрад ды кананічную структуру. І тут паўстае пытанне – ці існавала на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XV-пачатку XVI ст.ст. царкоўная структура ўсходняга абраду, якую можна было б назваць Уніяцкаю Царквою?

Навукоўцы, якія абараняюць канцэпцыю аб Скарыне-ўніяце, спасылаюцца на Фларэнтыйскую унію 1439 года, якую падпісаў і Кіеўскі мітрапаліт Ісідор. Але гісторыя сведчыць, што гэты мітрапаліт аніяк не быў звязаны з праваслаўем у ВКЛ – ад самага пачатку, мінуючы тагачасныя сталіцы праваслаўных епіскапскіх кафедраў на тэрыторыі ВКЛ, ён паехаў у Маскву, адкуль і вырушыў на Фларэнтыйскі сабор. З сабору ж тым жа самым шляхам, без наведвання праваслаўнага епіскапату ВКЛ, ён вярнуўся ў Маскву, дзе быў кінуты ў вязніцу. Нават калі мітрапаліт Ісідор уцякаў праз тэрыторыю ВКЛ з маскоўскай вязніцы ў Рым, ён не быў прыняты не толькі праваслаўнымі архірэямі ВКЛ, але і каталіцкім біскупам Вільні.

Калі ж дапусціць, што менавіта Фларэнтыйская унія нейкім чынам паўплывала на духоўнае жыццё праваслаўных Кіеўскай мітраполіі, – якім чынам гэта, у сваю чаргу, паўплывала на рэлігійныя погляды Францішка Скарыны? Мы не знаходзім матэрыяльных слядоў Фларэнтыйскай уніі на тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі (напрыклад, пазнакаў у рукапісных кірылічных багаслужбовых тэкстах, матэрыялах дагматычнага характару, у арыентацыі храмаў ХV ст.). Адзіны тэарэтычны доказ яе прысутнасці – уласна дзейнасць Кіеўскага мітрапаліта Рыгора ІІ Балгарына (1458 – пач. 1472), які, згодна з шэрагам крыніцаў, быў пастаўлены Канстанцінопальскім уніяцкім патрыярхам Рыгорам ІІІ Мамам. Але і гэты мітрапаліт у 1470 годзе (за 20 гадоў да нараджэння Францішка  Скарыны) пакаяўся і перайшоў пад амафор праваслаўнага Канстанцінопальскага Патрыярха Дыяніса І Мудрага.

Яшчэ адзін ускосны доказ адсутнасці наступстваў Фларэнтыйскай уніі – дзейнасць каталіцкіх місіяў ў другой палове ХV ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ды Украіны. Тут мы назіраем не проста спробы перавесці вернікаў у рыма-каталіцкі абрад, а нават прыняцце новых каталікоў праз паўторнае хрышчанне. Гэтыя факты сведчаць аб тым, што ў рэальнасці Каталіцкая Царква на тэрыторыі ВКЛ не вызнавала ўмоваў уніі 1439 года. Пры гэтым пачатак каталіцкай місіі ў Полацку звязваецца з заснаваннем рыма-каталіцкага бернардынскага манастыра ў 1498 годзе, аб чым нам вядома з хронікі гэтага ордэна, напісанай Янам з Камарова [3, ст. 162]

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў часе дзяцінства і юнацтва Францішка Скарыны на тэрыторыі ВКЛ не было ўніятаў. Тым больш – уніяцкіх царкоўных структур, адпаведна, ён не мог ні пазнаёміцца з уніяцтвам, ні, тым болей, перайсці з праваслаўя да ўніятаў.

Яшчэ адным варыянтам набліжэння Францыска Скарыны да ўніяцтва магло стаць знаёмства з ім падчас навучання ў Еўропе. Аднак адзіная ўніяцкая Царква візантыйскага абраду, якая існавала ў Еўропе ў часе Францішка Скарыны,  – гэта Італьянскія грэка-каталікі, што дзейнічалі на Поўдні Італіі. Візантыйская традыцыя на Сіцыліі і ў Паўднёвай Італіі ўзнікла яшчэ ў V-VI стагоддзях. У VIII стагоддзі візантыйскі імператар Леў III вылучыў гэтую вобласць з юрысдыкцыі Папы пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхата, аднак пасля нармандскай заваёвы і страты Візантыйскай імперыяй Паўднёвай Італіі Рымскія Папы зноў аднавілі сваю ўладу над грэцкімі парафіямі Італіі. Многія з гэтых парафіяў не ўдзельнічалі ў Вялікім расколе XI стагоддзя і захавалі царкоўныя зносіны з Рымскім пасадам, утварыўшы, такім чынам, грэка-каталіцкую Царкву.

Аднак, як сведчаць большасць даследчыкаў, у першай палове ХV ст. грэка-каталіцкія парафіі Паўднёвай Італіі перажывалі час занепаду ды моцнай лацінізацыі [4, ст. 147], таму сумніўна, што Францішак Скарына пакінуў рыма-каталіцтва ды далучыўся да грэкаў-уніятаў Італіі.

Апрача гэтага, мусім улічваць і той факт, што Францішак Скарына ў Падуанскім універсітэце не вучыўся, а прыбыў туды менавіта для здачы іспыту на навуковую ступень, пра што сведчыць актавы запіс універсітэта ад 5 лістапад 1512 года [5].

Не сведчыць на карысць уніяцтва Францішка Скарыны і “венецыянскі след”. Кірылічныя друкарні Венецыі былі заснаваныя пераважна выхадцамі з Сербіі, Чарнагорыі ды Македоніі. Па сваёй скіраванасці гэта былі выключна камерцыйныя праекты, адрасаваныя праваслаўным вернікам гэтых краінаў. Калі ж казаць менавіта аб візантыйскай царкоўнай традыцыі, першыя венецыянскія выданні датуюцца 1519 годам.

Таму, па нашым меркаванні, нават кантакты Францішка Скарыны з італьянскімі ўніятамі вельмі сумніўныя, не кажучы ўжо пра далучэнне да іх.

Ці падцвярджаюць уніяцтва магчымага каталіка Францішка Скарыны яго кірылічныя выданні? Некаторыя сучасныя даследчыкі, абапіраючыся на каталіцкае веравызнанне Францішка Скарыны ды ягоныя тэксты (як мову, так і змест “Малой падарожнай кніжыцы”), спрабуюць пацвердзіць яго каталіцтвам прыналежнасць да ўсходняга абраду (уніяцтва). Але, пры больш дэталёвым вывучэнні пытання, гэтая гіпотэза таксама не вытрымлівае крытыкі.

Па-першае, у часе жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны, Каталіцкая Царква на тэрыторыі ВКЛ карысталася ў богаслужэнні ды чытанні Бібліі выключна лацінскаю моваю. Пры гэтым выпуск каталіцкіх выданняў патрабаваў абавязковага дазволу касцельнай улады, а самачынны выпуск падобных тэкстаў пагражаў пераследам з боку дзяржавы і Касцёла. Апрача таго, аўдыторыя (патэнцыяльныя пакупцы) лацінскіх выданняў у ВКЛ была значна меншай, чым аналагічная аўдыторыя праваслаўных. Таму Францішак Скарына, як прадстаўнік гуманістычнага руху, жадаючы паслужыць свайму народу, проста не меў іншай аўдыторыі, акрамя праваслаўных Кіеўскай мітраполіі.

Па-другое, займаючыся перакладам тэкстаў Бібліі, Францішак Скарына выкарыстоўваў не толькі асноўную крыніцу Каталіцкай Царквы – Вульгату, а і іншыя тэксты: Септуагінту, гусіцкую чэшскую Біблію 1506 года ды звычайныя стараславянскія тэксты. Пры гэтым, па нашым меркаванні, у пражскіх выданнях Францішка Скарыны адсутнічае намёк на ягоную канфесійную прыналежнасць. Гэта ўзорная праца асветніка-гуманіста ХV ст., для якога пытанне канфесіі неістотнае.

Па-трэцяе, “Малая падарожная кніжыца” ўяўляе з сябе выключна праваслаўнае выданне – апрача таго, што Францішак Скарына падае падзел “Псалтыры” на 20 кафізмаў, як гэта прынятае ў праваслаўнай традыцыі, ён прытрымліваецца праваслаўнага календара, не падае каталіцкіх святых, друкуе Сімвал Веры без абавязковага для каталікоў абодвух абрадаў каталіцкага дадатку filioque (і ад Сына).

Што праўда, некаторыя даследчыкі спрабуюць вывесці ўніяцтва Францішка Скарыны з тэксту акафіста святым апосталам Пятру і Паўлу, змешчанага ў “Малой падарожнай кніжыцы”, параўноўваючы яго з тэкстам Віленскага праваслаўнага выдання 1628 года [03]. Але і гэта спроба не з’яўляецца пераканаўчай.

Так, вядомы расійскі даследчык Аляксей Папоў яшчэ ў 1903 годзе даў аналіз акафісту святым апосталам Пятру і Паўлу ў сваёй манаграфіі. Пры гэтым ён падае шэраг рукапісных праваслаўных крыніцаў, ранейшых за друк Францішка  Скарыны, дзе царкоўнаславянскі тэкст акафіста аналагічны тэксту, які змешчаны ў “Малой падарожнай кніжыцы” [7, ст. 67]. Што тычыць Віленскага выдання 1628 года, дык яно рыхтавалася праваслаўнымі ў спецыфічных умовах абвастрэння супрацьстаяння з каталікамі праз Берасцейскую унію. І з гэтага гледзішча пэўная цэнзура ў плашчыні прысутнасці Рыму, выглядае цалкам прадказальнай ды лагічнай.

Нарэшце, пераканаўчым выглядае сведчанне ўніяцкага Кіеўскага мітрапаліта Антонія (Сялявы), які называе Францішка Скарыну “ерэтыкам-гусітам” [3, ст. 217].

Такім чынам, разглядаючы версіі веравызнання беларускага першадрукара Францішка Скарыны, мы можам адразу адкінуць гіпотэзу аб тым, што ён быў уніятам (грэка-каталіком). На карысць падобнага сцверджання гавораць наступныя факты: у часе жыцця і дзейнасці гуманіста-асветніка Францыска Скарыны на тэрыторыі ВКЛ не было ўніяцкіх асяродкаў; верагоднасць таго, што Францішак Скарына мог нейкім чынам пазнаёміцца з уніяцтвам у часе свайго знаходжання ў Італіі – практычна адсутнічае, тым больш, на той час, уніяты там знаходзіліся ў стадыі заняпаду; у тэкстах Францішка Скарыны агулам і ў акафісце святым апосталам Пятру і Паўлу ў прыватнасці, адсутнічаюць канфесійныя рысы, па якіх мы можам аднесці іх да каталіцтва (нават усходняга абраду); Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Антоній (Сялява) не толькі запярэчыў уніяцтву Францішка  Скарыны, а нават паставіў пад сумнеў ягонае каталіцкае веравызнанне.

Спасылкі

  1. 1. Саверчанка І. Кніжна-пісмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранее барока. Мн., 1998
  2. 2. Паславський І. Берестейкая унія ї українська християнська традиція. Львів, 1997
  3. 3. Немировский Е.Л. Франциск Скорина. Мн.,1990
  4. 4. Рональд Робертсон. Восточные христианские церкви: Церковно-исторический справочник. СПб, 1999
  5. 5. http://starbel.narod.ru/skar_zhycc.htm
  6. 6. Акафісти в них же канони, стихири і стиховні на всю седмицю. Вільно, 1628
  7. 7. Попов А.В. Православные русские акафисты. Казань, 1903.

 

Протаіерэй Сяргей Горбік для КРЫНІЦА. INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі