Вернікі Міншчыны ўшанавалі святога Антонія на месцы разбуранага касцёла

СуцінНа Серафінавай Гары каля Суціна пад Пухавічамі 13 чэрвеня каталікі наваколля сабраліся на традыцыйныя штогадовыя ўрачыстасці святога Антонія Падуанскага, каб памаліцца аб пахаваных тут сваяках і ўшанаваць апекуна святыні, разбуранай ў 1920-х гадах.

Пасля Святой Імшы, у якой ўзялі ўдзел каля 200 вернікаў розных узростаў, адбылося ўрачыстае асвячэнне і ўшанаванне новага прыдарожнага крыжа, які парафіяне ўсталявалі на месцы, дзе ад трасы Талька-Суцін адыходзіць малапрыкметная лясная сцежка да Серафінавай Гары. Крыж будзе служыць не толькі знакам адкуплення, які заклікае да малітвы, але й дарожным указальнікам, без якога людзі, што едуць на старыя парафіяльныя могілкі, часта не адразу знаходзяць патрэбную сцежку, паведамляе catholic.by.

Раней на Серафінавай Гары стаяў касцёл святога Антонія, ля якога і месціліся могілкі, цяпер намаганнямі парафіянаў тут пабудаваны намёт для цэлебрацыі Імшы, пастаўленыя крыж і драўляныя лаўкі.

У віцебскай парафіі святога Антонія Падуанскага фэст адбываўся ва ўмовах будоўлі, бо святыня знаходзіцца на рэканструкцыі. Святую Імшу ўзначаліў госць парафіі айцец-капуцын Сяргей Мацюшонак у саслужэнні пробашча кс. Вячаслава Барка і вікарыя а. Станіслава Памыкалы SJ. Ксёндз пробашч заклікаў вернікаў маліцца за аднаўленне разбуранага ў сярэдзіне ХХ ст. касцёла святога Антонія на Рынкавай плошчы у гістарычным цэнтры Віцебска.

Пасля Літургіі адбыліся конкурс на лепшы “хлеб святога Антонія” і святочная праграма.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі