Мінабароны: пытанне аб расійскай базе ў Беларусі пакуль не вырашана

су-27
rusarm.eu

Пытанне аб месцы і часе размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі «знаходзіцца ў палітычнай плоскасці яго рашэння», заявіў міністр абароны Андрэй Раўкоў. Таму казаць аб тэрмінах перакідання з Расіі самалётаў Су-27 і верталётаў Мі-8 пакуль рана.

Разам з тым мінабароны гатова правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы для практычнай рэалізацыі гэтага, перадае ТАСС.

Андрэй Раўкоў таксама паведаміў, што ў гэтым годзе Беларусь атрымала па кантракце з Расіі чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130. Чарговую партыю самалётаў могуць паставіць па выніках эксплуатацыі атрыманых. Акрамя таго, да канца года заступяць на баявое дзяжурства чатыры дывізіёны расійскіх ЗРК С-300. На стадыі абмеркавання знаходзіцца пытанне аб пастаўках ЗРК С-400, але казаць аб канкрэтных часавых рамках пакуль заўчасна.

Камароўскі: нічога добрага ад базы Беларусь не атрымае

Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі мяркуе, што беларускім уладам цяжка будзе не пагадзіцца на размяшчэнне расійскай базы, «бо залежнасць ад Расіі настолькі моцная, што іншага выйсця проста няма». «Афіцыйны Мінск спрабуе нешта карэктаваць і праводзіць як бы сваю палітыку, але на выхадзе маем тое, што маем», — сказаў ён, перадае Радыё Рацыя.

На яго думку, за размяшчэнне расійскіх ваенных баз на сваёй тэрыторыі Беларусь не атрымае «нічога добрага, акрамя таго, што Расія, напэўна, дасць чарговы крэдыт і зніжкі на нафту і газ».

Аляксандр Камароўскі мяркуе, што Беларусі трэба праводзіць нейтральную палітыку і сябраваць і з Усходам, і з Захадам. «Чым больш у нас будзе нейтралітэту, тым спакайней сябе будзем адчуваць», — падкрэсліў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі