Больш за 500 музыкаў прымуць удзел у фестывалі «Магутны Божа» ў Магілёве

magutny-bozha

Больш за 500 індывідуальных выканаўцаў і прадстаўнікоў музычных калектываў амаль з 20 краін свету стануць удзельнікамі XXI Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 чэрвеня.

У праграме фестывалю прадстаўлены музычныя калектывы і выканаўцы трох хрысціянскіх канфесій – праваслаўя, каталіцтва і пратэстантызму. У гэтым годзе ў магілёўскім музычным духоўным форуме ўпершыню будуць удзельнічаць прадстаўнікі Сальвадора, Даніі, ПАР, паведамляе Магілёўскі гарвыканкам.

З 20 чэрвеня і на працягу ўсяго фестывалю будзе працаваць духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш «Беларусь праваслаўная» на вуліцы Першамайскай на пляцоўцы насупраць будынка гарвыканкама.

Упершыню на фестывалі будзе выконвацца рок-музыка, прысвечаная тэме хрысціянства.

На гарадскім стадыёне «Спартак» у рамках фестывалю пройдзе канцэрт народнай артысткі Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі і гала-канцэрт.

Сёлетні фестываль «Магутны Божа» цесна звязаны з Днём горада, які пройдзе ў Магілёве 27 чэрвеня.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі