Затрыманая ў Брэсце «экстрэмістка» ў Таджыкістане патрабавала сумленных выбараў

худайдодаваЗатрыманая ў Брэсце па абвінавачванні ў экстрэмізме 29-гадовая грамадзянка Таджыкістана Шабнам Худойдадава з’яўляецца членам аб’яднання таджыкскай апазіцыі ў эміграцыі “Група 24”, якое патрабуе правядзення ў Таджыкістане сумленных пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў. Пакуль ні адны выбары ў краіне заходнія назіральнікі не прызнавалі адпавядаючымі агульнасусветным стандартам дэмакратыі.

Як паведаміла ў сваім блогу прэзідэнт асацыяцыі “Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі” Надзея Атаева, у сацсетках затрыманая актыўна падтрымлівала палітычную апазіцыю Таджыкістана, падкрэслівала неабходнасць дэмакратычных рэформаў у краіне, удзельнічала ў гуманітарных акцыях у падтрымку таджыкскіх працоўных мігрантаў.

Зараз Шабнам Худойдадава ўтрымліваецца ў следчым ізалятары ў Брэсце. Яна абвінавачваецца па арт. 37 Крымінальнага кодэкса Таджыкістана ў саўдзеле ў злачынстве. “За адкрытае выказванне свайго меркавання ў сацыяльных сетках, у Таджыкістане ёй пагражаюць катаванні і пазбаўленне волі на тэрмін да 20 гадоў”, – заяўляе Атаева, нагадаўшы Беларусі аб Канвенцыі ААН супраць катаванняў, якая забараняе высылку падазраванага ў краіну, дзе яму могуць пагражаць катаванні.

За апошнія паўгады было затрымана ад 10 да 32 таджыкскіх апазіцыянеры. Многіх з іх затрымалі ў Расіі, а затым экстрадавалі на радзіму. Пяцёра сябраў “Групы 24” былі асуджаныя на тэрміны зняволення ад трох да 17 гадоў. Лідар “Групы 24” Умаралі Куватаў быў забіты невядомымі ў Стамбуле 5 сакавіка гэтага года.

Як паведамляла Крыніца, 29-гадовая жыхарка Сярэдняй Азіі была затрыманая на станцыі Брэст-Усходні падчас пагранічнага надгляду асоб, якія выязджаюць за мяжу. Памежнікі высветлілі, што жанчына з’яўляецца персонай, абвешчанай у вышук за экстрэмісцкую дзейнасць на тэрыторыі сваёй краіны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі