У Віцебску нямецкія хрысціяне папрасілі прабачэння ў беларусаў і габрэяў

IMG_20150619_184241

У Віцебску ў царкве ХВЕ «Добрая вестка» 19 чэрвеня прайшло служэнне «Місія прымірэння». У служэнні прынялі ўдзел пастар Мінскай месіянскай супольнасці «Зорка Віфліема» Уладзімір Хасін, госці з Германіі, з горада Ліхтэнштэйн Хорст Кульман, Харальд Кёпэ.

Хрысціяне з Германіі звярнуліся з шчырай просьбай аб прабачэнні да беларускага і габрэйскага народаў, якім нямецкі народ прычыніў столькі пакут падчас вайны.

«Мы шчыра просім прабачэння ад імя нямецкага народа за той боль, які мы прынеслі, за смерць людзей, якія загінулі падчас другой сусветнай вайны. Мы ездзім па гарадах Беларусі, Украіны, Расіі і просім дараваць наш народ. Мы вельмі вінаватыя перад габрэйскім народам і мы асабліва раскайваемся перад ім у тым, што мы рабілі, — казаў Хорст Кульман. — Бог сказаў усім людзям праз Біблію дабраслаўляць габрэяў. «Я дабраслаўлю тых, хто дабраслаўляе цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну…» (Быццё, 12:3). Бог дабраслаўляе народы, якія дабраслаўляюць Ізраіль і супрацьстаіць тым народам, якія праяўляюць да Ізраіля варожасць».

Хорст Кульман падарыў Канстанціну Кастэнку, пастару царквы «Добрая вестка», вялікі ізраільскі сцяг як напамін аб малітве за габрэйскі народ і пратрубіў у шофар — габрэйскі духавы музычны інструмент, зроблены з рога жывёлы.

Уладзімір Хасін, месіянскі пастар, казаў пра тое, што Хрыстос як велікоднае Ягня быў прынесены ў ахвяру за грахі людзей: і габрэяў, і не габрэяў. Хрыстос быў укрыжаваны, каб мы не пайшлі ў пекла. Ён адкупіў нас Сваёю Крывёю на Галгофскім Крыжы. Габрэі стаялі ля вытокаў хрысціянства. Першая царква складалася ў асноўным з габрэяў. І мы павінны любіць і дабраслаўляць габрэяў, каб мець дабраславенне.

Напрыканцы служэння выступіў пастар царквы «Адраджэнне» Мікалай Міхалюк: «Бог сказаў нам любіць і дараваць ворагам. І мы, як хрысціяне, тым больш павінны дараваць тым, хто каецца ў сваіх злачынствах. Таму мы даруем нямецкаму народу. І хай Бог дабраславіць іх».

Другая сусветная вайна стала самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва. Найбольш аўтарытэтныя даследаванні паказваюць, што ў гады другой сусветнай вайны загінула больш за 50 млн чалавек, па розных ацэнках сярод іх было ад 5 да 6 млн габрэяў.

Місія прымірэння нікога не пакінула абыякавым. Пасля служэння вернікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Любоў З., 71 год: «Мяне вельмі кранула тое, як госці з Германіі, не шкадуючы сваіх часу і сіл, наладжваюць кантакт і шукаюць прымірэнне з габрэйскім народам, ездзяць у розныя краіны, каюцца за зробленае. Не так проста знайсці шлях і наладзіць адносіны з тымі, перад кім ёсць велізарная віна. Нам трэба навучыцца дараваць людзям, бо нам даруе Бог нашы правіннасці».

Вольга Ч., 38 гадоў: «Дзякуй Богу, што людзі каюцца перад народамі, якім яны прычынілі гора ў час вайны. Зараз сярод пэўных слаёў моладзі прасочваюцца ноткі нацызму. Нам трэба вучыцца жыць у любові, свеце і павазе адно да аднаго, каб не паўтарыўся горкі вопыт мінулага».

Наталля Палеская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі