Кандыдат у прэзідэнты ЗША заклікаў супраціўляцца тыраніі аднаполых шлюбаў

зшаАмерыканскія хрысціянскія лідары і кансерватыўныя палітыкі і грамадскія дзеячы раскрытыкавалі рашэнне Вярхоўнага суда ЗША аб легалізацыі аднаполых шлюбаў ва ўсіх 50 штатах. Так, арцыбіскуп Луісвілля, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША Джозэф Куртц назваў рашэнне суда «трагічнай памылкай, якая шкодзіць агульнаму дабру».

Паводле яго, нягледзячы на ​​гэта, прырода чалавека застаецца нязменнай, бо значэнне шлюбу як саюз мужчыны і жанчыны «ўпісана ў нашы целы». «Гэта глыбока амаральна і несправядліва, калі ўлады аб’яўляюць, што двое людзей аднаго полу, могуць складаць шлюб», – адзначыў ён, гаворыцца на сайце Канферэнцыі біскупаў.

Біскуп Джозэф Куртц падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл працягне вучыць, што шлюб – гэта непарыўны саюз мужчыны і жанчыны. Ён заклікаў каталікоў рухацца наперад з верай у нязменную праўду аб шлюбе; надзеяй, што праўда зноў атрымае перавагу ў амерыканскім грамадстве; з любоўю да блізкіх, нават да тых, хто “выкарыстоўвае нянавісць або будзе караць нас за нашу веру або маральныя перакананні”.

«Я глыбока веру ў біблейскі і традыцыйны шлюб. Суд вызначыў інакш. Наша заклапочанасць №1 у гэтай справе заключаецца ў тым, каб рэлігійная свабода была абаронена ва ўсіх адносінах, паважаючы наша Богам дадзенае сумленне, і каб мы не падвяргаліся дыскрымінацыі за нашу біблейскую і традыцыйную пазіцыю. Гэта рашэнне паказвае адну рэч: нашу адчайную патрэбу ў наступным Вялікім Абуджэнні і ў надзеі Евангелля, дадзенай ўсім. Мы павінны падняцца, з нябачанай перш неабходнасцю, каб данесці пасланне Ісуса Хрыста кожнаму чалавеку ў Амерыцы і па ўсім свеце”, – заявіў прэзідэнт Паўднёвай баптысцкай канвенцыі Роні Флойд, паведамляе Baptist Press.

Галоўны выканаўчы дырэктар Osborn Ministries International ЛаДонна Озбарн заклікала хрысціян не чакаць праведнасці ад свецкіх сістэм гэтага «паламанага, хворага, заблытанага і цёмнага свету». «Вораг імкнецца перавызначыць нас, як людзей з вузкім мысленнем, кансерватыўных, якія вывяргаюць асуджэнне, самазадаволеных фанатыкаў. Ён – хлус. Мы выраз Божай любові і прымірэнчай сілы для тых, хто жадае лепшага ад Бога», – адзначыла яна, перадае baznica.info.

У сваю чаргу Тоні Перкінс, прэзідэнт арганізацыі Family Research Council, назваў легалізацыю гей-шлюбаў абуральным злоўжываннем Вярхоўным судом сваімі паўнамоцтвамі. «Суд глыбока памыляецца, калі думае, што такім чынам ён вырашыў гэтак складаную праблему грамадства. Пагардзіўшы меркаваннем 50 млн амерыканцаў, гэты суд толькі падліў алею ў агонь спрэчак вакол гэтай праблемы», – сказаў ён, адзначае «Голос Америки».

Выказаў расчараванне “тым, што Вярхоўны суд праігнараваў меркаванні мільёнаў амерыканцаў, прымусіўшы штаты перагледзець само вызначэнне інстытута шлюбу», і спікер Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Джон Бейнер. А патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі і былы губернатар Арканзаса Майк Хакабі нагадаў, што Вярхоўны суд прыняў сваё рашэнне пяццю галасамі супраць чатырох – «зусім нават не аднагалоснае рашэнне па пытанні, якое можа быць вырашана толькі Усявышнім: надаць новы сэнс паняццю шлюбу». Паводле яго слоў, ён «не мае намеру згаджацца з рашэннем якога-небудзь імператарскага двара, сапраўды гэтак жа, як наш заснавальнік не пагадзіўся з брытанскай манархіяй». Палітык заклікаў амерыканцаў «супраціўляцца і адкідваць судовую тыранію, а не адступаць».

Былы губернатар Фларыды і патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў Джэб Буш заявіў, што Вярхоўны суд павінен быў дазволіць штатам самім прымаць рашэнне аб аднаполых шлюбах. Губернатар Вісконсіна і яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў Скот Уокер заклікаў ўнесці папраўку ў Канстытуцыю ЗША, якая пазбавіла б суды права прымаць рашэнні па пытаннях шлюбу.

Як паведамляла Крыніца, Вярхоўны суд Злучаных Штатаў Амерыкі дазволіў аднаполыя шлюбы ў 14 штатах, дзе раней на такія дзейнічала забарона. Цяпер лесбіянкі і геі маюць права ўступаць у шлюб у кожным з 50 штатаў краіны.

Да прыняцця названага рашэння лесбіянак і геяў было дазволена рэгістраваць шлюбы толькі ў 36 штатах ЗША і ў акрузе Калумбія.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі